ГрадусПлюс. Правіла выцягнутай рукі

Важнае Здарэнні і бяспека

Дзеці сваволяць, а бацькі плацяць – так можна перафразіраваць словы гераіні аднаго вядомага мультфільма нашага дзяцінства.

Лета – не толькі час адпачынку і весялосці, але і пара, калі найбольшая небяспека пападання дзяцей у прыгоды, вясёлыя і не вельмі.

На жаль, зводка ратаўнікоў, ДАІ і міліцыі пастаянна папаўняецца “дзіцячымі” здарэннямі. Сярод апошніх – пажар, які ўчыніў непаўналетні жыхар раёна, вучань пачатковых класаў, у гаражы ўласнага дома. Здаецца, і дарослыя былі побач, смажылі шашлыкі на ўчастку. Хлопчык таксама вырашыў паспрабаваць сябе ў распальванні вогнішча, тым больш і запалкі дарэчы знайшліся ў даступным месцы. Гэта гісторыя скончылася моцным спалохам бацькоў і навукай, дзе трымаць гаручыя сродкі. Аднак усе мы помнім выпадак, калі непаўналетнія спалілі чужы дом, увёўшы ў вялікія страты гаспадароў і свае сем’і.

У час летніх канікулаў, свабодных ад навучальнага працэсу, школа прапануе навучэнцам самыя разнастайныя профілі летнікаў – ад спартыўных да патрыятычных і палатачных, аздаравіцца можа кожны. Аднак ніхто, акрамя вас, не паклапоціцца аб бяспецы вашых дзяцей. Што ж да дашкольнікаў, тут не перастае дзейнічаць правіла, якое вопытныя педыятры рэкамендуюць не забываць бацькам: адлегласць паміж дзіцем да 6 гадоў і дарослым (бацькі гэта, выхавальнікі або старэйшыя сваякі) не павінна перавышаць выцягнутай рукі. У клопаце і апецы лепш перастарацца…

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga