Што такое “дружалюбны пакой” і дзе яго знайсці?

Важнае Грамадства

Абарона правоў непаўналетніх – адзін са складальнікаў палітыкі Рэспублікі Беларусь, якая скіравана на пабудову не толькі прававой, але і сацыяльнай дзяржавы.

Дзяржаўныя органы нашай краіны і грамадства прыкладаюць максімум намаганняў, каб дзяцінства ў Беларусі было сапраўды бяспечным.

Як у гэтым напрамку працуюць адміністрацыя і спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава і што тут ўжо зроблена, расказала дырэктар установы Кацярына Ляўкевіч:

– У нашым цэнтры мы абсталявалі дружалюбны дзецям пакой для стасункаў з непаўналетнімі, якія пацярпелі ад сексуальнага гвалту. Зразумела, што дапамога і клопат патрабуюцца кожнаму з непаўналетніх, з якімі працуюць нашы спецыялісты, аднак у некаторых выпадках дзецям неабходна асаблівая ўвага. Пацярпелае ад гвалту дзіця, заяўляючы аб злачынстве, павінна адчуваць сябе абароненым. Тут створаны ўсе ўмовы, каб непаўналетнія сведкі або ахвяры гвалтоўных дзеянняў маглі адчуваць сябе ў бяспецы, каб у спакойнай абстаноўцы яны дакладна і адкрыта змаглі расказаць аб перажытым.

Пакой абсталяваны сучаснай апаратурай відэагукавой фіксацыі. У час гутаркі педагог-псіхолаг і дзіця знаходзяцца ў гэтым памяшканні толькі ўдваіх, астатнія ўдзельнікі працэсу могуць назіраць за апытаннем праз сістэму відэаназірання ў рэжыме рэальнага часу. Апытанне праводзіць спецыяльна падрыхтаваны псіхолаг. У нашым раёне навучанне для ўдзелу ў крымінальных працэсах, звязаных са злачынствамі супраць палавой свабоды і палавой недатыкальнасці непаўналетніх, а таксама для аказання дапамогі дзецям, якія сталі ахвярамі такіх злачынстваў, прайшоў педагог-псіхолаг Андрэй Шлемен.

Выкарыстанне дружалюбнага дзецям пакоя дазваляе мінімізаваць удзел непаўналетніх пацярпелых у крымінальным працэсе, а прафесіянальная работа педагога-псіхолага – не дапусціць яшчэ большай іх псіхалагічнай траўматызацыі.

Паважаныя бацькі! Назірайце за сваімі дзецьмі! Слухайце свае сэрцы і бацькоўскія інстынкты, кансультуйцеся са спецыялістамі, калі ў вас закраліся сумненні. Абавязкова звярніцеся па прафесійную дапамогу – псіхалагічную, прававую, медыцынскую, калі ваша дзіця пацярпела ад сексуальнага гвалту. Не пакідайце праблему, якая тычыцца фізічнага і псіхічнага здароўя дзіцяці, нявырашанай.

Даведка

Адрас сацыяльна-педагагічнага цэнтра: г. Дзятлава, вул. Кутузава, д. 3. Дырэктар установы – Кацярына Сяргееўна Ляўкевіч.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымак прадастаўлены ўстановай

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga