І вандравалі, і адчувалі, і натхняліся

Важнае Спорт і турызм

Акцыя “Вандруй. Адчуй. Натхняйся” прайшла на Дзятлаўшчыне шырока і разнастайна.

Сёлета да яе падключыліся ўсе суб’екты турыстычнай сферы, ды і землякі сталі больш актыўнымі, за год, які мінуў пасля акцыі 2023-га, пачалі крок за крокам адкрываць для сябе малую радзіму і здзіўляцца, як шмат цікавага і пазнавальнага ёсць на Дзятлаўшчыне. А Дзятлаўскі турінфацэнтр заўсёды побач: і накіруе, і падкажа, і сам падключыцца да мерапрыемстваў, і ролік у Тіk Тоk запусціць, каб паказаць усім і кожнаму, як у нашым раёне крэатыўна і весела можна бавіць час.

Акцыя “Вандруй. Адчуй. Натхняйся” праходзіла ў рэспубліцы з 3 па 9 чэрвеня. Ёй былі ахоплены дзяржаўныя і школьныя музеі, аграсядзібы, ТІЦы, лясгасы і прамысловыя прадпрыемствы, санаторыі і дамы адпачынку. Прапанаваныя мерапрыемствы і экскурсіі праводзіліся бясплатна, кожны жадаючы мог наведаць музей ці аграсядзібу ў вызначаны графікам час. А графік складалі, безумоўна, мы – Дзятлаўскі ТІЦ, рэгулявалі заяўкі, збіралі інфармацыю і фотаздымкі пра тое, што ўжо прайшло, рыхтавалі справаздачу для Нацыянальнага агенцтва па турызме.

 

Хочацца сказаць дзякуй усім удзельнікам акцыі і тым, хто праявіў жаданне паехаць, паглядзець, здзівіцца і натхніцца. Напрыклад, школьныя музеі праводзілі не толькі экскурсіі па экспазіцыях, але і майстар-класы (музей “Скарбонка продкаў нашых” Казлоўшчынскай школы і Дзятлаўскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі), інтэрактыўныя і касцюміраваныя экскурсіі (музеі “Памяць” Дварэцкай школы, “Скарбы дзядоў нашых” Хвінявіцкай школы, “Кола часу” Вензавецкай школы, “Шляхамі продкаў” Казлоўшчынскай школы і Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей), інтэрактыўныя пляцоўкі (музей “Шляхамі продкаў” Казлоўшчынскай школы).

Гасцінна і ветліва адчынілі дзверы для наведвальнікаў падчас акцыі санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, аграсядзібы “Каля дуба” і “Раднік”, вытворчую экскурсію на базе вензавецкага дрэваапрацоўчага цэха правёў Дзятлаўскі лясгас. Прынялі ўдзел у акцыі Дзятлаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і Дабрачыннае таварыства садзеяння арміі, авіяцыі і флоту. Усяго 23 суб’екты турыстычнай індустрыі раёна, у тым ліку і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. А турыстаў сёлета было аж 673 чалавекі (летась 329 чалавек).

Наш ТІЦ два дні працаваў у паркавай зоне горада Дзятлава. Турыстычную пляцоўку, дзе прапаноўвалі гістарычныя віктарыны і гульні, наведалі вучні, якія адпачываюць у школьных і спартыўных летніках раёна, і выхаванцы Дзятлаўскага раённага карэкцыйна-развіваючага цэнтра.

Акцыя завершана, вынікі падведзены, але лета наперадзе, а гэта найлепшы час для падарожжаў і адкрыццяў. Дзятлаўскі турінфацэнтр заўсёды дапаможа выбраць цікавы і самы аптымальны для вас маршрут. Звяртайцеся да нас па тэлефоне 8(01563)3-25-58.

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga