Будзьце асцярожныя! У Дзятлаўскім раёне заўважаны ваўкі

Важнае Здарэнні і бяспека

13 чэрвеня ў 21 гадзіну 35 хвілін у дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама на лінію 102 паступіла паведамленне, што ў двор дома ў вёсцы Панікарты наведаліся ваўкі.

Паведамляла пажылая жанчына, што ёй пазваніла дачка, якая з дзецьмі прыехала з горада Мінска ў свой дом, які знаходзіцца на ўскрайку вёскі, недалёка ад лесу. У страсе яна расказала, што ваўчыца з падрослымі ваўчанятамі забегла ў двор,  яны акружылі дом, бегалі вакол і завывалі, вельмі напалохаўшы гэтым дзяцей. Разгубленая жанчына не ведала, што рабіць. Днём яна ўжо бачыла ваўкоў у вёсцы.

– Было прынята рашэнне адправіць на здарэнне больш вопытных узброеных супрацоўнікаў аператыўна-дзяжурнай службы. На пад’ездзе да вёскі яны ўключылі гукавы сігнал і праблісковыя маячкі, чым, менавіта, і спалохалі ваўкоў, якія, па словах жанчыны, незадоўга да іх прыезду кінуліся ў лес.

Каб упэўніцца ў бяспецы людзей, аператыўнікі напагатове са зброяй абышлі   дом, але ваўкоў там ужо не аказалася. Затым, каб адагнаць іх далей, яшчэ раз праехалі з сірэнай вакол вёскі, – удакладніў намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Юшкевіч.

Дарэчы, жыхары Данілавіцкага сельсавета неаднаразова адзначалі, што ваўкі апошнім часам сталі заходзіць у вёскі, нават нападаць на прывязаных сабак, чым выклікалі страх людзей, бо паводзяць сябе дзікія жывёлы вельмі агрэсіўна.

Інфармацыя перададзена ў патрэбныя службы для больш дэталёвага вывучэння сітуацыі і прыняцця мер па забеспячэнні бяспекі людзей.

Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga