Адпачывальнікам “Эколага” – пра бяспеку на канікулах

Важнае Грамадства

Летні адпачынак для школьнікаў павінен быць яркім, цікавым, карысным, а галоўнае – бяспечным.

Пра гэта адпачывальнікам аздараўленчага летніка з дзённым знаходжаннем “Эколаг” Гезгалаўскай сярэдняй школы нагадалі спецыялісты службаў прафілактыкі.

Старшыня раённай арганізацыі таварыства ратавання на водах Сяргей Шпакоўскі нагадаў хлопчыкам і дзяўчынкам правілы паводзінаў каля вадаёмаў і што ў нашым раёне купацца можна толькі на гарадскім пляжы ў горадзе Дзятлаве і пляжы санаторыя “Радон”. Астатнія месцы для купання на Дзятлаўшчыне забаронены, маніторынгі на іх праводзіць “Летні патруль” з удзелам актывістаў таварыства АСВОД, ГА “БРСМ”, ратаўнікоў.

Віктар Петрукевіч расказаў аб адказнасці за наведванне лясоў у час, калі на гэта накладзена забарона, узгадаў асноўныя артыкулы антыалкагольнага заканадаўства, папярэдзіў аб іншых магчымых “падлеткавых” парушэннях: як ваджэнне аўтамабіля або матацыкла без вадзіцельскага пасведчання, парушэнні ў інтэрнэт-прасторы, распаўсюджанне наркатычных сродкаў.

Пра карыснае баўленне часу ў студэнцкіх атрадах, якія функцыянуюць у нашым раёне, магчымасць займацца спортам, творчасцю, наведваць гурткі і аб’яднанні па інтарэсах дзецям расказалі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Яны пажадалі адпачывальнікам “Эколага” шчаслівых канікулаў і каб у верасні ўсе яны здаровымі і моцнымі вярнуліся за парты.

Сапраўдны сюрпрыз чакаў дзятву напрыканцы сустрэчы з гасцямі. Віктар Петрукевіч прадэманстраваў хлопчыкам і дзяўчынкам спецсродкі, якімі карыстаецца міліцыя ў час службовай дзейнасці. У дзяцей была выдатная магчымасць патрымаць у руках зброю, прымерыць шлем і ахоўную камізэльку, пасядзець у службовай машыне, скарыстацца рацыяй і ўдосталь нафатаграфавацца.

Удзельнікі прафілактычнай групы спадзяюцца, што сустрэча дасць станоўчыя вынікі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі арганізатараў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga