Падтрымка сем’яў з дзецьмі ў Беларусі – нацыянальны прыярытэт.
Для гэтага ў нашай краіне рэалізуецца шэраг мераў з асаблівым акцэнтам на шматдзетныя сем’і. Адна з іх – праграма “Сямейны капітал”, якая дзейнічае з 2015 года.
Цяпер шматдзетныя сем’і маюць права датэрмінова выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў; медыцыну; з 2020 года – адукацыю; з 2022 – набыццё сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі для члена сям’і з інваліднасцю.
Сёлета ж, 12 ліпеня, уступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2023 года № 446 “Аб змяненні пастановаў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 лютага 2015 года № 128 і ад 18 верасня 2020 года № 541”. Рашэннем урада прыняты дадатковыя меры па недапушчэнні неэфектыўнага і нямэтавага расходавання сродкаў сямейнага капіталу.
У прыватнасці, Палажэнне аб парадку і ўмовах прызначэння, пералічэння, распараджэння і выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 лютага 2015 года № 128, дапоўнена нормамі, у адпаведнасці з якімі:
1.Жылыя памяшканні, якія набываюцца з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу, будуць абследавацца на адпаведнасць устаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням, з афармленнем адпаведнага акта.
Абследаванне прадугледжваецца праводзіць ужо створанымі ў раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтах пастаянна дзеючымі міжведамаснымі камісіямі са згоды ўласнікаў жылля з прыцягненнем, пры неабходнасці, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага пажарнага, энергетычнага, газавага нагляду і іншых.
- Пашыраны пералік падставаў для прыняцця рашэння аб адмове ў датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу:
– неадпаведнасць набытага жылля ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням;
– адсутнасць згоды ўласнікаў на правядзенне абследавання жылых памяшканняў;
– неналежнае выкананне абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, калі датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу супярэчыць іх інтарэсам.
- Дзеянне рашэння аб прадастаўленні права на датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу будзе прыпыняцца ў выпадках, калі пасля прыняцця такога рашэння бацькоў пазбавяць бацькоўскіх правоў, пры адабранні ў іх дзяцей па рашэнні суда, адмене ўсынаўлення.
- На раённыя, гарадскія выканаўчыя камітэты ўскладзены абавязкі па ажыццяўленні маніторынгу выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу ў адпаведнасці з прынятымі рашэннямі аб датэрміновым іх распараджэнні на будаўніцтва, рэканструкцыю, набыццё жылых памяшканняў, пагашэнне іх доляй запазычанасцяў па крэдытах і пазыках, прадастаўленых на такія мэты, і выплату працэнтаў за карыстанне імі. Пры выяўленні неабгрунтаванага выкарыстання сродкаў – па вяртанні грошай.
- Форма рашэння аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу таксама дапоўнена інфармацыяй для грамадзян аб неабходнасці звароту па дзяржаўную рэгістрацыю права ўласнасці на жыллё і (або) па дзяржаўную рэгістрацыю забароны на яго адчужэнне не пазней за тры месяцы з дня заключэння дагавора куплі-продажу або дня пералічэння сродкаў на пагашэнне крэдыту, пазыкі для пацверджання мэтавага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу.
Абавязак грамадзян звяртацца па дзяржаўную рэгістрацыю права ўласнасці на набытае жыллё ўстаноўлены Жыллёвым кодэксам.
- Тэрытарыяльныя арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, а таксама дзяржаўныя органы і арганізацыі, у якіх грамадзяне знаходзіліся на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, будуць на працягу сямі рабочых дзён апавяшчаць раённыя ці гарадскія выканаўчыя камітэты аб дзяржаўнай рэгістрацыі забароны на адчужэнне такога жылля на працягу 5 гадоў і зняцці грамадзяніна і членаў яго сям’і з уліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Адпаведна ўносяцца змяненні ў пералік дакументаў і звестак, якія самастойна запытваюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур па заявах грамадзян (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 верасня 2020 года № 541).
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 2-15-86.
Наталля ЧАРНЯК,
галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga