Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.
Разгледжана пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на непаўналетняга з-за недасягнення ім узросту адказнасці. Прынята рашэнне аб правядзенні індывідуальнай прафілактычнай работы з падлеткам, які ўчыніў дробнае хуліганства, і абмежаванні яго вольнага часу тэрмінам на адзін месяц. Задаволена хадайніцтва па адмене рашэння аб прызнанні маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне трох непаўналетніх дзяцей з адной сям’і праз тры месяцы пасля іх адабрання.
Ці ёсць карысная альтэрнатыва?
Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледзелі адміністрацыйныя пратаколы на бацькоў непаўналетняга, якія не выканалі абавязкаў па выхаванні сына і дапусцілі ўчыненне ім крадзяжу чужой маёмасці. Ад узбуджэння крымінальнай справы хлопчыка выратаваў толькі яго юны ўзрост: школьнік яшчэ не дасягнуў 14 гадоў, з якіх надыходзіць адказнасць. Ён ужо зразумеў, што ўчынак быў памылковы і супрацьзаконны, стараецца выправіцца, з ім праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. На канікулах падлетак наведваў школьны летнік, акрамя гэтага ходзіць у секцыю па футболе і на мерапрыемствы, якія ладзяцца на канікулах на тэматычных пляцоўках работнікамі культуры і адукацыі – адным словам, дзіцяці прапанавана карысная альтэрнатыва баўлення вольнага часу.
Тым не менш, згодна з адміністрацыйным заканадаўствам, яго бацькам за супрацьпраўны ўчынак сына давядзецца заплаціць штраф у памеры адной базавай велічыні.
Цяпер гуляць – толькі з гадзіннікам
У поле зроку камісіі па справах непаўналетніх яшчэ адзін юны парушальнік закона трапляў і раней. На гэты раз хлопец умудрыўся “зарабіць” адразу два адміністрацыйныя пратаколы – за дробнае хуліганства і знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Калі больш канкрэтна, то п’яны юнак на адной з вуліц райцэнтра чапляўся да прахожых, завязваў сварку, спрабаваў распускаць рукі. У выніку праваахоўнікамі ён быў дастаўлены ў бальніцу для асведчання на алкагольнае ап’яненне, аднак, у сувязі са станам здароўя, ноч правёў у рэанімацыйным аддзяленні, адкуль раніцай яго забрала маці.
Як растлумачыў на пасяджэнні камісіі сам аматар моцных напояў, гарэлку ён знайшоў і ўпотай забраў з уласнага дома, піў адзін у лясным масіве, затым вырашыў пагуляць па горадзе.
У школе юнага парушальніка характарызуюць як чалавека са шкоднымі звычкамі, за якім наладжаны ўзмоцнены кантроль. Індывідуальная прафілактычная работа з навучэнцам праводзіцца ўжо ў другі раз, і педагогі максімальна стараюцца арганізаваць яму карысную занятасць, таму на канікулах ён наведваў летнік працы і адпачынку. Тым не менш на юнака ўжо рыхтуюць дакументы для змяшчэння ў навучальную ўстанову закрытага тыпу, і любое новае правапарушэнне можа прывесці яго да такога фіналу.
Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама не абмежаваліся адной прафілактычнай размовай з хлопцам: яго абавязалі звярнуцца на прыём да доктара-нарколага, а каб спакусаў стала менш, да юнака выкарысталі яшчэ адну меру прафілактычнага ўздзеяння – абмежаванне вольнага часу тэрмінам на адзін месяц. Цяпер на працягу 30 каляндарных дзён школьнік не мае права пакідаць дом з 19 гадзін вечара да 7 гадзін раніцы. Выкананне гэтага “правіла” будуць правяраць супрацоўнікі міліцыі.
Дзеці вернуцца дадому
Тры месяцы таму камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама было прынята рашэнне аб прызнанні трох хлопчыкаў з адной сям’і маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне з-за ўжывання бацькамі алкаголю і сямейных скандалаў з выклікам міліцыі.
За час, пакуль дзеці знаходзіліся ў прытулку, дарослыя скасавалі шлюб, аднак наладзілі паміж сабой роўныя ўзаемаадносіны. Абодва яны стараліся як мага хутчэй выправіць сітуацыю, каб сыны вярнуліся дамоў: прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці, выконвалі патрабаванні спецыялістаў службаў прафілактыкі па рэалізацыі індывідуальнага плана работы з сям’ёй, працавалі без прагулаў. Маці паспела атрымаць арэндную кватэру і пры падтрымцы бацькі стварыла ў ёй ўсе неабходныя ўмовы для дзяцей.
Паколькі сітуацыя стабілізавалася і дарослыя сталі на шлях выпраўлення, члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, улічыўшы меркаванні спецыялістаў адказных службаў, прынялі рашэнне вярнуць хлопчыкаў, праўда, узмоцнены кантроль за дарослымі прадоўжыцца, і хочацца спадзявацца, што яны больш не будуць рызыкаваць лёсамі сваіх сыноў.
Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga