Антаніна Каско: “Каб неба было мірным”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Доўгі жыццёвы шлях да свайго юбілейнага 90-га дня нараджэння прайшла наша шаноўная зямлячка, жыхарка аграгарадка Гезгалы Антаніна Каско.

У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці да доўгажыхаркі па сакрэты даўгалецця і жыццёвую мудрасць завіталі артысты Ганна Харлінская і Ірына Бакшук, да якіх з падарункам далучылася старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, яна ж загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей ЦСАН Дзятлаўскага раёна Галіна Касцюк, а таксама пляменніца юбіляркі Галіна Чура. Павіншаваў Антаніну Аляксееўну і падзякаваў ёй за больш чым 40 гадоў працоўнай дзейнасці, значная частка якой прайшла менавіта на тэрыторыі цяперашняга Жукоўшчынскага сельсавета, старшыня сельвыканкама Валерый Верамейчык.

Сустрэча атрымалася па-сямейнаму цёплай і шчырай. Госці жадалі імянінніцы моцнага здароўя, жыццёвых шчадрот, актыўнага даўгалецця, увагі родных людзей, радасных, светлых дзён жыцця.

– Антаніна Аляксееўна – добрай душы чалавек, цікавы субяседнік, цудоўная гаспадыня, пяшчотная маці, бабуля і прабабуля. У аграгарадку яе ведаюць усе, бо і ў паважаным узросце не скараецца гадам: сама робіць большасць хатніх спраў, летам яшчэ даглядае агарод, ездзіць на веласіпедзе. У паўсядзённых клопатах ёй дапамагае сын Сяргей, які жыве па суседстве, часта прыязджаюць іншыя дзеці, я таксама стараюся тэлефанаваць як мага часцей, – расказала пра блізкага чалавека пляменніца Галіна Чура.

Менавіта Галіна Мікалаеўна і паведаміла раённай газеце большасць фактаў з біяграфіі Антаніны Каско (у дзявоцтве Дымовіч), якая была малодшай сястрой яе нябожчыцы матулі Соф’і Аляксееўны. Таксама Галіна Мікалаеўна прынесла ў рэдакцыю даўнейшыя чорна-белыя фотаздымкі з сямейнага архіва. Варта адзначыць, што наша зямлячка з пашанай захоўвае гісторыю роду Дымовічаў – удзельнікаў партызанскага руху на Дзятлаўшчыне.

Вось што Галіна Чура расказала пра юбілярку і сваіх продкаў.

– Мая цётка Антаніна Аляксееўна пражыла няпростае жыццё, багатае на цяжкія выпрабаванні і шчаслівыя моманты, напоўненае самаадданай працай і сямейнымі радасцямі. Ёй, народжанай у 1933 годзе, рана давялося пасталець з-за падзей Вялікай Айчыннай вайны, якая наклала свой глыбокі адбітак на гісторыю Дзятлаўшчыны і лёс нашай сям’і. Калі нямецка-фашысцкія захопнікі напалі на Савецкі Саюз, Антаніне было ўсяго восем гадоў, а маёй маці, яе старэйшай сястры Соф’і, ужо сямнаццаць. Жылі Дымовічы ў невялікай, атуленай лясамі, аддаленай вёсцы Глушыца. Як сведчыць даведка-водгук, якая захоўваецца ў сямейным архіве, бацька Антаніны, мой дзед Аляксей Якаўлевіч Дымовіч быў партызанскім сувязным.

Вось вытрымка з гэтага дакумента: “Я, Пупко Іван Сцяпанавіч, 1915 года нараджэння, член КПСС 1943 года …, як былы камандзір партызанскага атрада “Звезда” штаба партызанскага руху, сведчу, што былы партызан атрада “Звезда” тав. Дымовіч Аляксей Якаўлевіч, 1891 года нараджэння, пражывае: Гродзенская вобласць, Дзятлаўскі раён, паселішча Глушыца, сапраўды быў у атрадзе са студзеня 1943 па верасень 1944 гадоў і ў адным з баёў пры выкананні баявога задання (падрыў чыгуначнага эшалона) быў паранены ў правую нагу”.

– Яшчэ адна, ужо рукапісная даведка, таксама за подпісам камандзіра атрада “Звезда” Івана Пупко, сведчыць, што мой дзед “быў правадніком дыверсійных групаў, якія ішлі на падрыў чыгункі Ліда – Баранавічы”, – прадаўжае свой аповед Галіна Мікалаеўна, – Жыў ён на хутары ў Глушыцы, сярод лесу, у непасрэднай блізкасці ад чыгуначных шляхоў, што дазваляла штодзень назіраць за рухам нямецкіх эшалонаў і работамі ворагаў па пабудове ўмацаваных агнявых кропак, перадаваць атрыманыя звесткі партызанам.

У той жа даведцы пазначана, што дзед даставаў зброю, тол і боепрыпасы для партызан, у яго хаце неаднаразова спыняліся партызанскія групы, якія ішлі на баявыя заданні, хаваліся байцы атрада ў час нямецкіх аблаваў.

Знайшоўся і здраднік, які данёс на Аляксея Якаўлевіча, пасля чаго немцы разграмілі хутар Дымовічаў, а маёмасць разрабавалі.

Безумоўна, такая напружаная атмасфера, калі ноччу наведваліся партызаны, а днём у хату ці на падворак заходзілі фашысты, вымушала ўсіх членаў сям’і Дымовічаў, нават яшчэ зусім юную Тоню, заўсёды быць напагатове, умець знайсці выхад з любой складанай сітуацыі, што ўжо казаць пра тое, што жыцці гэтых людзей пастаянна знаходзіліся пад пагрозай.

Сярод сямейных успамінаў, якія Галіна Чура не раз чула ад сваіх матулі і цёткі, былі гісторыі аб тым, як Дымовічы ў хляве пад сенам хавалі параненых, як Соф’я Аляксееўна насіла ў лес партызанам патроны і хлеб, як, не пабаяўшыся расправы, у вартавых медыцынскага эшалона яна прасіла лекі нібыта для хворай сястрычкі, каб таксама перадаць іх у атрад.

Мінула ваеннае ліхалецце, наша Айчына ўступіла ў мірнае жыццё, вярнуліся ў родныя краі салдаты Савецкай Арміі і партызаны. Іван Пупко некалькі разоў прыязджаў з дэлегацыямі землякоў у мясціны, дзе ваяваў са сваім атрадам “Звезда”, а Аляксей Якаўлевіч з задавальненнем ладзіў для дарагіх гасцей цікавыя экскурсіі па месцах баявой партызанскай славы.

Вырасла і пайшла ў дарослае жыццё Антаніна. Яе працоўная дзейнасць праходзіла на розных участках – на цагляным заводзе ў Лідзе, на чыгунцы, дзе нараўне з мужчынамі рамантавала пуці, паляводам у мясцовым калгасе (цяпер КСУП “Жукоўшчына”), затым многія гады – у домакіраванні ваеннага гарадка Гезгалы прыбіральшчыцай.

Антаніну Аляксееўну землякі ведаюць як добразычлівую, працавітую жанчыну, толькі добрымі словамі характарызуюць у аграгарадку і яе нябожчыка мужа Аляксандра Канстанцінавіча, які быў майстрам залатыя рукі, ніколі не адмаўляў у просьбах людзям. Разам сям’я Каско дружна і шчасліва пражыла 63 гады, выгадавала чацвёра дзяцей, двое з якіх, Сяргей і Аркадзь, – блізняты. Цяпер Антаніна Каско – “багатая” бабуля: у яе 7 унукаў і 5 праўнукаў.

– Антаніна Аляксееўна дастойна самых лепшых словаў, – упэўнена яе пляменніца. – Яна заўсёды была стараннай гаспадыняй і рукадзельніцай. Вельмі прыгожа вышывала, вязала на спіцах і кручком, шыла, ткала, вяла хатнюю гаспадарку, вырошчвала кветкі. Яна і цяпер вельмі рухавая, не можа ўседзець на месцы. Мяркую, калі пацяплее, Антаніна Аляксееўна зноў будзе завіхацца на агародзе, бо гэта яе аддушына.

Сваім гасцям доўгажыхарка прызналася, што яе асабісты сакрэт даўгалецця – старанная праца і добрыя адносіны да людзей. Як чалавек, які перажыў Вялікую Айчынную вайну, маладому пакаленню Антаніна Каско пажадала мірнага неба, каб мужчыны не ваявалі, а працавалі, каб дзеці любілі і шанавалі сваіх бацькоў, а сем’і былі моцнымі, дружнымі, шчаслівымі.

Ірына КАЎКЕЛЬ
Фотаздымкі сектара і з сямейнага архіва Дымовічаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga