З нагоды Дня бацькі, які сёлета ў Беларусі адзначаўся ўпершыню, рэйд-віншаванне “Тата – гэта гучыць ганарова!” арганізавалі спецыялісты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Разам з Ірынай Бакшук, Марынай Варган, Іванам Кашко ў дарогу накіраваліся прадстаўнікі раённай бібліятэкі, савета ветэранаў і прафсаюза.
Прыгожыя восеньскія кветкі, прыемныя падарункі і музычныя паштоўкі ад іх атрымалі Міхаіл Лішык з вёскі Даўгялавічы, Міхаіл Гурноўскі з вёскі Пруд, які цяпер жыве ў сям’і ўнука ў аграгарадку Войневічы, і Георгій Барысевіч з вёскі Маркавічы. Яны пражылі доўгае жыццё, годнымі людзьмі выгадавалі сваіх дзяцей, шмат працавалі, а таму ў гэты святочны дзень прымалі самыя цёплыя і шчырыя пажаданні здаровага даўгалецця, клопату ад родных і блізкіх, каб кожны новы дзень прыносіў толькі радасць і добрыя весткі, а над галавой заўсёды было чыстае мірнае неба роднай старонкі.
“Прывозіць” свята на дом у самыя аддаленыя куточкі Дзятлаўшчыны стала добрай традыцыяй для спецыялістаў сектара нестацыянарнага абслугоўвання. Добрай песняй, шчырай увагай, цёплым словам яны падтрымліваюць землякоў шаноўнага ўзросту, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі працы дзеля развіцця нашага раёна. А Дзень бацькі стаў яшчэ адной выдатнай нагодай для падобных сустрэч.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga