“Знаю! Памятаю! Ганаруся!”

Важнае Грамадства

Пад такой назвай на Дзятлаўшчыне 7-12 лютага праходзіць раённы дыстанцыйны тэматычны тыдзень, прымеркаваны да Дня юнага героя-антыфашыста і Года гістарычнай памяці.

Мерапрыемствы тыдня ладзяцца з ініцыятывы раённага савета ГА “БРПА”, гарадскога піянерскага штаба, цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Старшыня раённай піянерскай арганізацыі Ірына Мішчанка расказала, што ўдзел у іх прымаюць навучэнцы школ. Юных жыхароў раёна чакае шмат цікавай інфармацыі і падзей. Стартаваў тыдзень у віртуальным відэасалоне “Піянер-герой Вялікай Айчыннай вайны”, дзе вучні даведаліся аб подзвігах сваіх равеснікаў у гады ваеннага ліхалецця.

У аўторак установы адукацыі пройдуць “Па слядах Перамогі” і далучацца да квэст-гульні “Засталіся юнымі навечна”, прысвечанай памяці юных герояў-антыфашыстаў.

Серада пройдзе пад лозунгам “Мы памятаем” і дасць старт раённай цімура-валанцёрскай флэш-акцыі “Снегапад”, якая ладзіцца ў рамках абласной акцыі “Клопат” і скіравана на навядзенне парадку на абелісках і воінскіх пахаваннях, аказанне дапамогі грамадзянам пажылога ўзросту, адзінокім людзям, ветэранам вайны і працы, землякам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.

“Змагаліся з дарослымі побач” – тэма дня ў чацвер. На сэрвісе Тік-Ток пад хэштэгамі “Піянеры-героі” дзеці змогуць прагледзець кароткаметражную відэастужку “Яны змагаліся за Радзіму”.

Пятніца пройдзе пад дэвізам “Трапны снайпер” і закліча піянераў праверыць уласныя сілы і навыкі. У гэты дзень установы адукацыі далучацца да раённай спартыўнай рэгаты “Дартс-2022” і выявяць лепшых у гэтым відзе спорту.

У шосты школьны дзень пад дэвізам “Гарачыя сэрцы” ў анлайн-фармаце пройдзе раённы піянерскі пленум “Мы адзінае цэлае”, які падвядзе вынікі тэматычнага тыдня “Знаю! Памятаю! Ганаруся!”. Да анлайн-пасяджэння ў гэты дзень далучацца не толькі піянеры-лідары раёна, але і самыя актыўныя цімураўцы і валанцёры, а таксама ветэраны піянерскага і камсамольскага руху Дзятлаўшчыны. Заключнае апытанне “Героі ў нашай памяці жывуць” пакажа, наколькі шмат цікавай і карыснай інфармацыі па тэме змаглі адшукаць і запомніць удзельнікі дыстанцыйнага тэматычнага тыдня.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: