З цікавасцю пра бяспеку

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Навучанне дзяцей асновам бяспечных паводзін — адна з важных задач дашкольнай адукацыі.

З гэтай мэтай у Гезгалаўскім дзіцячым садзе з выхаванцамі кожны тыдзень праводзяцца розныя формы работы: пазнавальныя гутаркі, дыдактычныя і сюжэтна-ролевыя гульні, віктарыны і забавы. Асаблівую цікавасць у дзяцей вызываюць мерапрыемствы з удзелам супрацоўнікаў службаў спецыяльнага прызначэння.

На гэтым тыдні адбылася сустрэча выхаванцаў з інспектарам Дзятлаўскага РАНС Мартай Мілаш. Падчас мерапрыемства дзеці ў гульнявой форме замацавалі правілы бяспечных паводзінаў у побыце, дзеянні ў выпадку ўзнікнення пажару. Інспектар прапанавала дзецям займальныя гульні-развагі «Добра — дрэнна»,»Як правільна дзейнічаць». Выхаванцы сталі актыўнымі ўдзельнікамі вырашэння праблемных гульнявых сітуацый, папрактыкаваліся ва ўменні правільна выклікаць пажарную службу па тэлефоне.

Да гутаркі дзяцей з супрацоўнікам РАНС нечакана далучыўся казачны герой Агеньчык. Яму вельмі хацелася зразумець, чаму людзі кажуць: «Агонь — сябар, агонь — вораг!». Выхаванцы растлумачылі госцю, у якіх выпадках агонь дапамагае чалавеку, а ў якіх можа стаць прычынай пажару. Разам з Агеньчыкам дзеці пагулялі ў рухомыя гульні «Агеньчык і дожджык», «Хто хутчэй знойдзе небяспечныя прадметы», гульні-эстафеты «Патушы пажар», «Выратуй звяроў».

У канцы сустрэчы інспектар РАНС падарыла выхаванцам дзіцячыя кнігі аб правілах бяспечных паводзінаў.

Алена ЛУКІЯНЕЦ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Гезгалаўскага ясляў-сада