У райвыканкаме. На павестцы дня – эканоміка, сельская гаспадарка і бюджэт

Галоўнае Улада

Сумеснае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта і сесіі раённага Савета дэпутатаў прайшло ў Дзятлаве.

На парадак дня былі вынесены тры пытанні, якія вызначаць жыццё раёна і яго жыхароў у гэтым годзе: вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2020 годзе і задачы на 2021 год; задачы па выкананні бюджэту на бягучы год; фінансавае аздараўленне сельскагаспадарчых арганізацый па выніках працы летась.

– У цэлым спрацавалі нядрэнна, хоць год быў складаны і было шмат знешніх фактараў, якія істотна паўздзейнічалі на сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, – адзначыў напачатку пасяджэння старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – На жаль, не ўсе ключавыя паказчыкі, якія фарміруюць валавы рэгіянальны прадукт, былі выкананы.

Асобна Андрэй Уладзіміравіч спыніўся на экспарце паслуг, значную долю якога на Дзятлаўшчыне складае работа двух санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”, з-за пандэміі каранавірусу, часова спыненай транспартнай сувязі план выкананы толькі на 37,5%. А вось яшчэ адзін ключавы паказчык – экспарт тавараў (без уліку арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання) – склаў 106,6 % за 2020 год пры прагнозным паказчыку 100,3 %.

Выкананне задання па прамых замежных інвестыцыях на чыстай аснове склала 301,1 тысячы долараў ЗША за 2020 год, пры прагнозным паказчыку ў 100 тысяч долараў, што адзначыў у сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Жыдко. Экспарт тавараў у Еўрапейскі Саюз у 2020 годзе па раёне склаў 4032,4 тысячы долараў пры прагнозе 3604 тысячы.

За кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў на зноў створаныя працоўныя месцы летась працаўладкаваны 52 чалавекі.

Таксама Андрэй Паўлавіч дадаў, што выкананы паказчыкі па аб’ёме будаўніча-мантажных работ, будаўніцтве індывідуальных жылых дамоў, уводу ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў, у тым ліку ў сельскай мясцовасці.

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата па раёне за студзень-снежань 2020 года склала 908,6 рубля пры прагнозе 844,8 рубля, у тым ліку за снежань –1043,2 рубля пры плане 960,3 рубля.

Па выніках працы сельскагаспадарчых арганізацый за 2020 год па канчатковым фінансавым выніку стратнай з’яўляецца адна – КСУП “Слава працы”. Па выніках 2019 года страты мелі тры гаспадаркі.

Устаноўленае заданне па вытворчасці прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы летась у цэлым па раёне выканана на 109,2%. Не забяспечана выкананне задання ў двух сельскагаспадарчых прадпрыемствах: КСУП “Слава працы”, КСУП “Белагурна”. Асноўная прычына нізкіх сярэднясутачных прыбаўленняў у шэрагу гаспадарак – недастатковы ўзровень кармлення маладняку буйной рагатай жывёлы па прычыне недахопу травяністых і канцэнтраваных кармоў у рацыёне жывёл.

У 2021 годзе сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна плануецца забяспечыць тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах на ўзроўні 105,8 %, у тым ліку ў жывёлагадоўлі – 103,7 %, у раслінаводстве – 108,6 %.

Калі прадоўжыць тэму сельскай гаспадаркі, то варта ўзгадаць некаторыя вытрымкі з дакладу начальніка аддзела прагназавання, фінансавання і справаздачнасці ў АПК упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Марыі Ціхан.

– Працэдура фінансавага аздараўлення сельскагаспадарчых арганізацый у рамках дзеяння ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе праводзілася ў шасці сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, – адзначыла Марыя Уладзіміраўна. – У планах санацыі КСУП “Вензавец” і КСУП “Слава працы” прадугледжвалася выкананне пераліку асноўных аптымізацыйных мерапрыемстваў па забеспячэнні плацежаздольнасці арганізацый. Аднак дадзеныя мерапрыемствы ў поўным аб’ёме не выкананы. Прадпрыемствамі не забяспечаны кантроль за выкананнем тэхналагічных працэсаў па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства, паляпшэннем якасці прадукцыі, якая рэалізуецца. Не ў поўным аб’ёме выкарыстаны рэзервы матэрыяльных, працоўных і фінансавых рэсурсаў.

Летась у раёне праведзена работа па рэарганізацыі неплацежаздольных сельскагаспадарчых арганізацый КСУП “Русь-Агра” і КСУП “Белагурна”. 30 чэрвеня 2020 года гаспадарка “Русь-Агра” далучана да рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні нафтапрадуктамі “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”. На базе КСУП “Русь-Агра” створаны сельскагаспадарчы філіял РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” “Аграмілк”.

За 2020 год “Аграмілк” палепшыў свае вытворчыя паказчыкі. Павялічылася вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. Валавая вытворчасць малака склала 6511 тон або 134,8 % да 2019 года, надой на адну карову павялічыўся на 861 кг. Валавы прывес буйной рагатай жывёлы павялічыўся на 14,1 %, сярэднясутачны прывес склаў 551 грам (+202 грама да 2019 года). У гаспадарцы праведзена пэўная работа па павелічэнні вытворчасці прадукцыі раслінаводства. Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур павялічыўся на 22,3 %, ураджайнасць узрасла на 6,2 ц/га і склала 37,2 ц/га. Валавы збор рапсу павялічыўся на 20,2 % і склаў 535 тон пры ўраджайнасці 19,8 ц/га. Нарыхтавана на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы кармоў з траваў 25,1 цэнтнера кармавых адзінак.

31 снежня 2020 года КСУП “Белагурна” далучана да адкрытага акцыянернага таварыства “Граніт-Агра”.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі паставіў задачу ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама прадоўжыць правядзенне штомесячнага аналізу выканання вытворча-фінансавых паказчыкаў прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў працэдуры фінансавага аздараўлення, і штоквартальна разглядаць вынікі працы на пасяджэнні калегіі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.

Таксама Андрэй Уладзіміравіч звярнуў увагу некаторых кіраўнікоў сельскіх гаспадарак на неабходнасць праявіць актыўнасць у пошуку і падборы кадраў для сваіх арганізацый.

Што датычыцца выканання бюджэту раёна за 2020 год, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала заўважыла, што па бюджэце забяспечана выкананне ўдакладненага гадавога плана на 100,9 %. Асноўная ўдзельная вага падатковых даходаў сфарміравана за кошт паступленняў падаходнага падатку з фізічных асобаў, падатку на дабаўленую вартасць, на прыбытак, падаткаў на ўласнасць.

За кошт выкарыстання мясцовымі Саветамі дэпутатаў прадастаўленага ў адпаведнасці з заканадаўствам права па павышэнні ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомасць дадаткова паступіла ў бюджэт 670,2 тысячы рублёў, што складае 2,8 працэнта ў аб’ёме ўласных даходаў бюджэту.

Пэўная праца праводзіцца па прыцягненні непадатковых даходаў.

Распарадчыкам і атрымальнікам сродкаў раённага бюджэту старшынёй райвыканкама было рэкамендавана не дапускаць стварэння запазычанасці перад бюджэтам па пералічэнні сродкаў, якія падлягаюць залічэнню ў даходы мясцовых бюджэтаў у кошт кампенсацый іх выдаткаў, не дапускаць выканання работ без наяўнасці крыніц іх фінансавання і прыняць меры па нарошчванні даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці.

Справаздачы райвыканкама па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ў 2020 годзе і па выкананні бюджэту за 2020 год былі зацверджаны на сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Ірына КАМАРОВА
Фота Ірыны СТЫРНІК