Рыхтуемся да Усебеларускага сходу. Наталля Клімец: “Стагоддзе новых тэхналогій вымушае развівацца хутчэй”

Галоўнае Грамадства

Абмяркоўваем праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады па павышэнні якасці адукацыі з фіналісткай рэспубліканскага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі  “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”, дэлегаткай VI Усебеларускага нацыянальнага сходу, намесніцай дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 горада Дзятлава Наталляй Клімец:

– У праект Праграмы ўнесены такі накірунак развіцця для нацыянальнай адукацыі, як пашырэнне практыкі прадастаўлення дзецям індывідуальных адукацыйных праграм як базы будучага “сацыяльнага ліфта”. На маю думку, індывідуальная адукацыйная праграма – гэта своеасаблівае прадаўжэнне профільнага навучання, якое існуе сёння, калі вучні 10-11 класаў выбіраюць для сябе два профільныя прадметы. Пры стварэнні індывідуальных адукацыйных праграм колькасць такіх дысцыплін можа павялічыцца, і мяне гэта радуе. Кожнае дзіця зможа выбраць паглыбленае навучанне тых прадметаў, якія яму спатрэбяцца для будучай прафесіі. Сёння ж навучэнец 10-11 класаў павінен вывучаць да 17 прадметаў, адзнакі за якія ўносяцца ў атэстат. Падрыхтавацца па кожнай дысцыпліне аднолькава якасна практычна немагчыма. Пры індывідуальным плане вучань зможа больш часу траціць на неабходныя яму заняткі і азнаямленча вучыць астатнія.

Калі казаць пра неабходнасць фарміравання ў дзяцей інавацыйных навыкаў, якія дапамогуць вырасціць новае пакаленне вынаходнікаў і прадпрымальнікаў, то ў наш час матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне школ дазваляе гэта зрабіць. Грамадства прад’яўляе да работнікаў высокія патрабаванні. Хто хоча канкурыраваць на рынку працы, павінен быць даследчыкам: умець бачыць праблемы і будаваць планы па іх вырашэнні. Выпрацоўцы інавацыйных навыкаў спрыяюць школьныя бізнескампаніі, даследчая дзейнасць вучняў, а таксама развіццё практыкаарыентаванага асяроддзя. Ужо сёння на сваіх уроках педагогі стараюцца “прывязаць” тэму вывучаемага матэрыялу да жыцця. А работа ў школьных лабараторыях, на эксперыментальных пляцоўках і вучэбна-вопытных участках дасць дзецям магчымасць апрабаваць тэарэтычныя веды на практыцы і зразумець, як паўплываць на працэс, каб атрымаць лепшыя вынікі.

Я лічу, што накірункі дзейнасці, закладзеныя ў праекце Праграмы, адлюстроўваюць рух сучаснага грамадства, бо стагоддзе новых тэхналогій вымушае нас развівацца хутчэй. І калі яны лягуць у аснову Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на наступную пяцігодку, перад намі будзе стаяць задача па іх рэалізацыі.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: