Марына Бортка: “Усяго дасягнём, калі будзем адзіныя”

Важнае Грамадства

Метадыст Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Марына Бортка разам з яшчэ дзевяццю нашымі землякамі прадстаўляла Дзятлаўшчыну на VI Усебеларускім народным сходзе.

Сваімі ўражаннямі ад  гэтага маштабнага форуму Марына Леанідаўна дзеліцца з землякамі:

– Гэты форум быў сапраўды маштабным і цікавым, усё было арганізавана на самым высокім ўзроўні.

Выступленне Прэзідэнта дало адказы на актуальныя пытанні, якія абмяркоўваліся ў беларускім грамадстве. Гэта і канстытуцыйная рэформа, і ўзмацненне ролі партый. Спачатку ішлі глыбокія абмеркаванні, затым – прыняцце рашэнняў.

Аднак, людзей хвалюе не толькі палітычны курс краіны, але і развіццё эканомікі. Таму Кіраўнік дзяржавы асноўную частку свайго выступлення прысвяціў менавіта эканамічным пытанням. Асабіста мяне ўразіла тая колькасць аб’ектаў інфраструктуры, якую збіраюцца ўзвесці ў бліжэйшую пяцігодку ў Беларусі. У нашых рэгіёнах з’явяцца 12 высокатэхналагічных медыцынскіх цэнтраў, тры дзясяткі тыпавых спартыўных аб’ектаў з басейнамі – і гэта далёка не ўсё.

Як работніку культуры, мне асабліва блізкай з’яўляецца тэма выхавання моладзі. Прэзідэнт правільна заўважыў, што моладзь сёння іншая. Не кепская, а менавіта іншая! З ёю сапраўды не трэба размаўляць “штампамі”, а дыялог з маладымі людзьмі трэба весці на роўных. Гэта абсалютна правільнае меркаванне.

Радуе, што ўсё ў нашай краіне робіцца для чалавека, каб яму камфортна жылося і працавалася, каб у яго было моцнае здароўе.

Таму ўсім нам, беларусам, у Год народнага адзінства трэба згуртавацца. Калі мы будзем адзіныя, дасягнём усяго, аб чым ішла гаворка на VI Усебеларускім народным сходзе, і нават большага.

Ірына СТЫРНІК



Теги: