«Беларускі куточак» з’явіўся ў Дварэцкай сярэдняй школе

Важнае Культура і адпачынак

У рамках Міжнароднага дня роднай мовы ў  Дварэцкай сярэдняй школе пачала сваю працу фотазона «Беларускі куточак», створаная вучнямі 4 класа, якія прынеслі сюды з бабульчыных куфэркаў прыгожыя рэчы.

Зацікавіў дзяцей белы абрус, багата аздоблены вышыўкай, святочны, яго засцілалі, калі ў дом прыходзілі госці, і другія рэчы з мудрагелістымі ўзорамі, сярод якіх можна разгледзець і дзівосныя расліны. Некалі вышыванка была самым папулярным сродкам упрыгожвання адзення, побытавых рэчаў. І сёння рэчы з бабулінага куфэрка вяртаюцца да жыцця. Калаўрот прыцягнуў увагу дзяцей не толькі як элемент у фотазоне, але і як прылада для прадзення, на якой можна паспрабаваць самім спрасці нітку.

Святкаванне ў школе Міжнароднага дня роднай мовы дае яшчэ раз магчымасць паглыбіць веды аб культуры і традыцыях беларускага народа, абудзіць цікавасць да вывучэння роднай мовы.

Дзеці і настаўнікі з задавальненнем фатаграфуюцца ў “Беларускім куточку”, дзеляцца сваімі ўражаннямі.

Вольга СЯМАШКА,
выхавальніца Дварэцкай сярэдняй школы