Рыхтуемся да Усебеларускага сходу. Андрэй Жыдко: “Стаўка на інвестыцыі, даходы і занятасць насельніцтва”

Галоўнае Грамадства

У час студзеньскай рабочай нарады Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў быў абмеркаваны шэраг дакументаў, якія закранаюць розныя сферы жыцця беларускага грамадства, у тым ліку тых, што тычацца фарміравання інвестыцыйнай праграмы на бягучы год і рэалізацыі найбольш значных праектаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што праектам Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы прадугледжана будаўніцтва 130 аб’ектаў на суму больш за 600 мільёнаў рублёў.

Што ў гэтым кірунку сёлета плануецца ажыццявіць на Дзятлаўшчыне, карэспандэнтцы газеты расказаў намеснік старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Жыдко.

– Асноўная стаўка ў прагнозе развіцця нашага раёна на 2021 год робіцца на інвестыцыі, даходы і занятасць насельніцтва. На развіццё эканомікі запланавана накіраваць 48 мільёнаў рублёў інвестыцый у асноўны капітал – 102,1 % да ўзроўню 2020 года. Варта зазначыць, што леташні інвестыцыйны партфель на 50 % быў сфарміраваны такімі прадпрыемствамі Дзятлаўшчыны, як ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, санаторый “Радон”, ТАА “Ізакам” і “ІзакамПласт”, ААТ “Граніт-Агра”, Дзятлаўскае РУП ЖКГ. За 11 месяцаў 2020 года інвестыцыі склалі 43,7 мільёна рублёў.

Асноўнымі крыніцамі аб’ёму сёлетніх інвестыцый будуць уласныя сродкі арганізацый, крэдыты банка, сродкі кансалідаванага бюджэту. У тэхналагічнай структуры інвестыцый пераважаюць будаўніча-мантажныя работы, у тым ліку па мантажы абсталявання, а таксама затраты на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў.

У ліку найбольш значных інвестпраектаў 2021 года – будаўніцтва 72-кватэрнага жылога дома па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве з аб’ёмам інвестыцый 5140 тысяч рублёў, у ліку якіх крэдыт банка – 3580 тысяч і агульныя сродкі насельніцтва – 1560 тысяч рублёў.

У лютым-сакавіку бягучага года запланавана здаць у эксплуатацыю корпус № 4 санаторыя “Радон”, а затым пачаць будаўніцтва галерэі, якая злучыць гэты корпус з галоўным. Аб’ём інвестыцый, які плануецца выкарыстаць на яе ўзвядзенне складзе каля 3 мільёнаў рублёў.

Таксама на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна для інвестараў ёсць інвестыцыйныя прапановы па рэалізацыі наступных праектаў: будаўніцтва аб’екта пад дрэваапрацоўчую вытворчасць, будаўніцтва аўтамыйкі і аб’екта прыдарожнага сэрвісу.

Ірына СТЫРНІК



Теги: