Рыхтуемся да Усебеларускага сходу. Абмеркавалі перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзеншчыны на пяцігодку

Галоўнае Грамадства

25 студзеня дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу ад Гродзенскай вобласці абмеркавалі перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна на бліжэйшыя пяць гадоў.

У аблвыканкаме адбыўся абласны сход дэлегатаў, удзел у якім прынялі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік, намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў, кіраўнік Апарата Савета міністраў Канстанцін Бурак, прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутацкага корпусу.

Дзятлаўшчыну на абласным форуме прадстаўлялі старшыня раённага савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі, старшыня Казлоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта Вадзім Бялятка, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. Усе яны ўваходзяць у лік дзесяці дэлегатаў Дзятлаўскага раёна, якія 11-12 лютага прымуць удзел у VI Усебеларускім народным сходзе. На абмеркаванне ўдзельнікаў усерэспубліканскага форуму будуць вынесены асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады. Гродзенскую вобласць на форуме прадставяць 310 дэлегатаў.

– Паўдзельнічаць у абласным сходзе дэлегатаў было вельмі пазнавальна, – дзеліцца ўражаннямі ад паездкі ў Гродна Таццяна Нікіпорчык. – Мы шмат даведаліся пра дасягненні Гродзенскай вобласці за апошнія пяць гадоў, пачулі прапановы па развіцці Прынёманскага рэгіёна на наступную пяцігодку, у тым ліку тыя з іх, якія былі агучаны на дыялогавых пляцоўках, што праходзілі ў розных раёнах нашай вобласці. Удзельнікі абласнога форуму таксама мелі магчымасць выказаць свае думкі пры абмеркаванні важных задач на пяцігодку. Абмеркаванне закранула многія моманты, якія тычыліся прамысловасці, сельскай гаспадаркі, інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёна, адукацыі, медыцыны, моладзевай палітыкі.

Мне, як дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, важна было пачуць выказванне намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыя Кавалькова, які таксама прысутнічаў на форуме, аб тым, што ў наступную пяцігодку ў Беларусі плануецца звярнуць шмат увагі на рост заработнай платы бюджэтнікаў, у тым ліку работнікаў арганізацый сацыяльнай абароны насельніцтва. Як кіраўнік адной з такіх арганізацый, я ведаю, наколькі складаная і адказная праца ў нашых работнікаў. Вельмі радуе, што ў бліжэйшыя гады іх зарплаты будуць расці, а гэта значыць, мы і надалей зможам павышаць якасць аказваемых насельніцтву сацыяльных паслуг, пашыраць іх пералік.

Ведаю, што ўсе агучаныя на абласным форуме тэзісы, якія тычацца развіцця Гродзенскай вобласці і краіны ў цэлым, будуць выкарыстаны ў далейшай рабоце пры падрыхтоўцы да VІ Усебеларускага народнага сходу.

Ірына СТЫРНІК



Теги: