Калонка рэдактара. Верце, і ўсё збудзецца!

Грамадства Свежыя навіны

Вер у мару. У яе ёсць прыемная асаблівасць – спраўджвацца.

Неяк са сваёй знаёмай закранулі такую банальную, на першы погляд, тэму выканання жаданняў і рэалізацыі сваёй мары.

А чаму банальную?

Ці не мы на кожны дзень нараджэння загадваем жаданні, у дзяцінстве марым пра нешта сваё, а на Новы год і наогул гатовыя выпіць бакал шампанскага са спаленымі паперкамі, на якіх былі напісаны нашы жаданні. Што гэта? Верым у цуды, а не ў сябе?

Нашы мары ў дзяцінстве, юнацтве і ў дарослым жыцці істотна адрозніваюцца. Калі ў дзяцінстве мы дазваляем сабе самыя смелыя мары, то ў дарослым узросце нашы мары становяцца больш практычнымі, ці што? Ды і ці можна назваць іх марамі?

Як “гаворыць” нам вікіпедыя, мара – гэта запаветнае жаданне, выкананне якога часта абяцае шчасце. Гэта фантазія, уяўленне, ідэал, мэта. Гэта створаны намі вобраз, які накіраваны ў будучыню.

А чаго ж на самой справе мы хочам? Пра што мы марылі ў дзяцінстве і пра што марым цяпер? І ці можна нашы жаданні назваць марай?

На мой погляд, жаданні і мары – гэта зусім розныя рэчы. Адна справа – жадаць раніцай узбадзёрыцца кубачкам гарачай духмянай кавы і іншае – марыць адкрыць сваю кавярню і радаваць людзей. Шлях да ажыццяўлення жадання значна карацейшы і лягчэйшы, чым да ўвасаблення мары. Можна сказаць, што жаданні цалкам могуць стаць нейкім мастком, па якім мы можам прыйсці да сваёй мары.

Ажыццявіць жаданні лёгка, а вось без пэўных намаганняў мара можа застацца толькі ілюзіяй, таму не ўсім дадзена выканаць сваю мару. Для гэтага неабходны смеласць, мэтанакіраванасць, настойлівасць, выразны план і вялікае жаданне дамагчыся вызначанага.

Многія праносяць свае мары праз усё жыццё. Марыць прыемна ў любым узросце, гэта бяспечна і не нясе ніякай адказнасці.

А ці многія вашы мары ажыццявіліся?

Можа, варта адкінуць усе свае страхі, успомніць смелыя мары свайго дзяцінства і ўвасобіць іх у жыццё? Пажадайце, каб ваша жаданне магло стаць першым крокам да сустрэчы з рэальнасцю, да сустрэчы са сваёй марай.

Верце, і ўсё збудзецца!

Наталля КАЛОДКА