Калонка рэдактара. Інвестыцыі ў шчасце

Важнае Грамадства

Шчасце не шукаюць, як золата або выйгрыш.

Яго ствараюць самі, тыя, у каго хапае сілаў, ведаў і любові.

Ёсць рэчы, якія каштуюць танна, а дадаюць нашаму шчасцю і дабрабыту вельмі шмат. І гаворка ідзе не столькі аб матэрыяльнай частцы нашага жыцця, колькі аб укладанні часу і іншых рэсурсаў.

25 снежня 2020 года мы ўступілі ў чараду навагодніх і калядных святаў, якія яшчэ працягваюцца. Святаў асабліва любімых, з усімі спадарожнымі ім атрыбутамі.

Магчыма, мы сустрэлі іх не так шумна і масава, як кожны год, час унёс свае карэктывы, але ў кожнага была свая святочная гісторыя. Хтосьці наведваў сваякоў, дарыў падарункі, ладзіў прыемныя сюрпрызы, весяліўся, а нехта, магчыма, курсіраваў паміж канапай, халадзільнікам і тэлевізарам. І што тут такога, скажаце вы, каму і як зручна.

Яно так, але… ці не дадзены нам гэты час для ўласнага адчування шчасця, паўнавартаснага адпачынку? Бо сыходзіць ён вельмі хутка, і варта падумаць, як зрабіць так, каб кожная пражытая намі хвіліна была шчаслівай.

Я думаю, што шчаслівым чалавек можа быць проста так, незалежна ад абставін, калі проста адчувае станоўчыя эмоцыі.

Вадзіцелі пацвердзяць, што шчаслівай можа быць звычайная дарога. Нездарма на іх вывешваюць расцяжкі “Шчаслівай дарогі!”. Так, гаворка ідзе і пра бяспеку таксама, але пагадзіцеся, хіба нельга назваць шчаслівай дарогу, якая вядзе цябе дадому, асабліва калі едуць здалёк або да дзяцей, якіх даўно не бачыў.

Бывае, прысніцца дзівосны сон, і раніца становіцца адразу добрай, хочацца перарабіць кучу спраў і зрабіць шчаслівым яшчэ каго-небудзь, падарыўшы ўсмешку, добрае слова або здзейсніць візіт ветлівасці, ды яшчэ са свежай выпечкай да чаю.

Выснова напрошваецца сама сабой: каб быць шчаслівым, трэба напоўніць сваё жыццё шчаслівымі момантамі і ператварыць у працэс, а не ў мэту.

Наша жыццёвая дарога – гэта маленькія штодзённыя крокі, і ідучы па гэтай дарозе, мы павінны задаваць сабе пытанне: “А ці зробіць гэта мяне больш шчаслівым?”. Калі так, то не задумваючыся інвеставаць у гэта свой час і сілы.

А лепш выбраць шчасце раз і назаўсёды! Бо шчасце – гэта асабісты выбар самога чалавека.

Наталля КАЛОДКА