Ці гатовы ў Дзятлаве да выдачы ІD-карт?

Важнае Грамадства

У Беларусі шырока анансуецца, што ў 2021 годзе павінен пачацца пераход на біяметрыяныя дакументы, якія пацвярджаюць асобу, замест добра нам вядомых папяровых пашпартоў.

Як гэта будзе адбывацца на Дзятлаўшчыне, карэспандэнтка газеты даведалася ў старшага інспектара групы па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Вольгі Ламака.

– Вольга Іванаўна, ці праўда, што замест пашпартоў ваша падраздзяленне ў хуткім часе пачне выдаваць жыхарам раёна ID-карты?

– Сапраўды, у бліжэйшы час у нашай краіне запланаваны пераход на біяметрычныя дакументы, хаця канкрэтная дата, з якой падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі пачнуць іх выдаваць, пакуль не агучана.

– Што будзе ўяўляць сабой ID-карта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь?

– Гэта будзе пластыкавая картка з фотаздымкам чалавека, яго подпісам, як на сучсаных вадзіцельскіх пасведчаннях, і чыпам, на які будзе занесена біяметрычная інфармацыя. ID-карты будуць выкарыстоўвацца для пацвярджэння асобы чалавека ўнутры нашай краіны. Для выезду за мяжу давядзецца атрымаць яшчэ і біяметрычны пашпарт.

– Ці ёсць у вас стацыянарны і пераносны праграмна-апаратныя комплексы для зняцця біяметрычных дадзеных і кваліфікаваныя спецыялісты?

– Наша група па грамадзянстве і міграцыі ўжо забяспечана стацыянарным апаратам, спецыялісты прайшлі навучанне і ўмеюць ім карыстацца. Што тычыцца пераноснага праграмна-апаратнага комплекса, то ён будзе адзін на тры раёны. Пры неабходнасці ім змогуць скарыстацца спецыялісты падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі Дзятлаўскага і двух суседніх раёнаў. Пераносны апарат патрэбны пры афармленні ID-карт для тых грамадзян, якія з-за стану задроўя і пажылога ўзросту не здольны прыбыць у падраздзяленне.

– Ці варта спяшацца па ID-карту тым жыхарам раёна, у якіх ёсць сапраўдны пашпарт?

– Па папярэдняй інфармацыі, плануецца, што пераход на ID-карты у нашай краіне будзе паступовым. Таму жыхарам раёна, у якіх пашпарт будзе сапраўдным на працягу некалькіх наступных гадоў, хвалявацца не трэба. Калі яны не плануюць паездак за мяжу – карыстацца можна ранейшым пашпартам літаральна да заканчэння тэрміну яго дзеяння.

– Як доўга давядзецца чакаць ID-карту пасля зняцця біяметрычных даных?

– Пасля таго, як нашы спецыялісты атрымаюць усе неабходныя даныя аб чалавеку, на месце зробяць яго фота, будзе сфарміравана электронная заяўка, якую накіруем у Мінск. У тэрмін ад 5 да 15 дзён ID-карты па такіх заяўках будуць гатовы і дастаўлены ў Дзятлава.

Калі мы атрымаем больш падрабязную інфармацыю аб кошце працэдуры і функцыянале ID-карт, то абавязкова размесцім яе ў раённай газеце.

Ірына СТЫРНІК