27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту. Не адпускае родная зямля

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Пракацілася катастрофа і па нашай дзятлаўскай зямлі.

Тысячы ахвяр, тысячы загубленых жыццяў. Слёзы, боль, віна за тое, што не дапамаглі родным, не выратавалі. Нават за тое, што не загінулі разам з імі. Боль праз усё жыццё, боль пакаленняў. Памяць пакаленняў. Галоўнае – каб ніколі больш такое не паўтарылася на нашай планеце.

Сёння хочацца ўспомніць сям’ю Капланаў, асабліва Абрама Якаўлевіча Каплана, чалавека, які першы расказаў нам, мне і Жанне СлаваміраўнеНагавонскай, тады настаўніцам СШ№3, пра гета ў Дзятлаве, пра сваю сям’ю, якой удалося выратавацца і выжыць у лясах Ліпічанскай пушчы, пра сваіх родных, што жывуць у Злучаных Штатах Амерыкі. Менавіта пра яго, Абрама Якаўлевіча, які не паехаў пасля вайны разам з сям’ёй за мяжу, а застаўся тут, у нашым гарадку, ажаніўся з беларускай і жыў у роднай хаце шчасліва, усё жыццё помнячы страшныя эпізоды вайны і вынішчэння яўрэяў – родных, суседзяў, знаёмых, аднакласнікаў.

Так здарылася, што Абрам Якаўлевіч Каплан назаўжды застанецца ў гісторыі Дзятлава як апошні карэнны яўрэй, які выжыў пасля Вялікай Айчыннай вайны. Яго ведаў увесь горад ды і многія жыхары раёна, таму што доўгія гады ён працаваў начальнікам гаспадарчай групы ў аддзеле адукацыі, заўсёды быў чалавекам вясёлым, таварыскім, добрым, меў па раёне шмат прыяцеляў і сяброў.

Нарадзіўся маленькі Абрам ў мястэчку Здзецела (так называлася Дзятлава раней) у 1927 годзе ў яўрэйскай сям’і. Бацька займаўся гандлем: скупляў у навакольных сялян ільняное палатно і перапрадаваў яго на фабрыку, якая знаходзілася ў г. Навагрудку. Жонка была хатняй гаспадыняй, глядзела дзяцей: іх у сям’і было трое: Абрам, Рахіль і Мошэл. Абрам і яго брат вучыліся ў яўрэйскай школе, якая знаходзілася недалёка ад дому; выкладанне вялося ў ёй на ідыш. Была ў мястэчку і сінагога. Бацька Капланаў заўсёды марыў, каб адзін з яго сыноў абавязкова стаў равінам. Калі звярнуцца да лічбаў, то паводле перапісу насельніцтва канца 30-х гадоў у мястэчку Дзятлава пражывала каля шасці тысяч чалавек. Паўтары тысячы з іх былі хрысціянамі, астатнія – іўдзеямі. Дзятлава да вайны – тыповае яўрэйскае мястэчка.

Дзяцінства, па ўспамінах Абрама Якаўлевіча, было бесклапотным і шчаслівым. Школа, у якой вучыўся, жыла цікавым, творчым жыццём: вечары, тэатральныя пастаноўкі навучэнцаў, паездкі, сустрэчы – усё гэта захавалася ў памяці на доўгія гады. Мястэчка, нягледзячы на шматканфесійнасць яго жыхароў, мірна існавала пад уладай панскай Польшчы; звыклыя да суседства яўрэяў і палякаў мясцовыя жыхары ніколі не праяўлялі нацыянальнай нецярпімасці. Жылі Капланы ва ўласным доме ў цэнтры мястэчка, недалёка ад гандлёвай плошчы і касцёла. На гэтым месцы і зараз стаіць дом Абрама Якаўлевіча, толькі ўжо іншы, пабудаваны пасля вайны. Пасля смерці Абрама Якаўлевіча і яго жонкі дочкі прадалі дом, там жывуць зараз іншыя людзі.

Шчаслівае мірнае дзяцінства скончылася ў першыя дні вайны. 15 ліпеня 1941 гады ў Навагрудку разам са ста дваццаццю яўрэямі, самымі ўплывовымі прадстаўнікамі яўрэйскай інтэлігенцыі з Дзятлава, арыштаванымі адразу пасля прыходу немцаў, быў расстраляны бацька, Якель Каплан. Сям’я засталася без кармільца. Тады маці нанялася служанкай у дом суседа, новага гаспадара горада – бургамістра Рагулі. У мястэчку ўсталяваўся акупацыйны рэжым, і яўрэі адразу ж адчулі варожае стаўленне да сябе новай улады. Спачатку ўсіх “юда”, як называлі яўрэяў немцы, прымусілі насіць на вопратцы жоўтыя шасціканцовыя зоркі.

А да восені 1941 года ў мястэчку стварылі гета. Цэнтр мястэчка абнеслі калючым дротам і ўсіх яўрэяў сагналі ў некалькі дзясяткаў дамоў. Жылі па 8-10 сем’яў у адным доме. Нават не жылі, выжывалі, прымудраючыся даставаць па начах ежу ў мясцовых жыхароў. Дзеці не вучыліся, сядзелі дома, а дарослых кожны дзень выганялі на працу – капаць акопы, будаваць дарогі.

Набліжаўся час расправы. Нямецкія ўлады вырашаюць знішчыць усіх яўрэяў Дзятлава. Першы расстрэл ўжо адбыўся, чуткі пра яго даходзяць да жыхароў гета. У лютым 1942 года вырашана расстраляць астатніх. Да гэтага часу сям’я Капланаў і ўсе, хто жыў з імі ў доме, выкапалі ў агародзе вялікую яму (капалі ноччу, размяркоўваючы зямлю па ўсім агародзе), каб у выпадку расправы схавацца ў яе і пераседзець. А пра дзень расстрэлаў ім паведаміў мясцовы паліцай: ён сімпатызаваў маладой, вельмі прыгожай яўрэйцы, якая жыла разам з імі. За дзень да расстрэлу ўсе насельнікі дома размясціліся ў яме і сталі чакаць.

У ноч расправы думалі, што трапілі ў пекла: стрэлы, брэх сабак, крыкі паліцэйскіх, лямант жанчын, плач дзяцей, гул матацыклаў – усё злівалася ў адзіны паток гукаў. Гэта выганялі ў калоны жыхароў гета, каб вывесці на ўскраіну мястэчка і расстраляць. Сёння ў межах горада Дзятлава дзве брацкія яўрэйскія магілы: у адной спачывае 2800 чалавек, у другой – 3000.

Сядзелі ў яме трое сутак. Сярод тых, што выратаваўся, было грудное дзіця, дзяўчынка, якая на трэція суткі захварэла і пачала моцна плакаць. Тады маці Капланаў вырашыла выйсці і праверыць абстаноўку. Яна дабралася да дома дзядулі, узяла сёе-тое з рэчаў, і ноччу вязні праз вёску Хадзяўляны дабраліся да бліжэйшага лесу, дзе і пераседзелі наступны дзень. З надыходам ночы прабіраліся далей, да вёскі Накрышкі, у якой жылі сваякі і абяцалі дапамогу. Пазней многія яўрэі, якія выжылі, ваявалі ў партызанскім атрадзе “Барацьба”, а жанчыны і дзеці жылі ў лесе, у сямейным лагеры, у зямлянках. Атрад і сямейны лагер размяшчаліся ў Ліпічанскай пушчы, знакамітай актыўнай партызанскай зоне, недалёка ад вёскі Трахімавічы.

Калі скончылася вайна, сям’я Капланаў вярнулася ў Дзятлава, паспрабавала арганізаваць мірнае жыццё. Абрам у 1945 годзе быў прызваны ў войска, спадзяваўся, што родныя нікуды не паедуць, дачакаюцца яго. Аднак сям’я зрабіла па-свойму. У ЗША жылі сваякі, якія выехалі ў 20-я гады, і напалоханыя весткамі з Саюза, запрашалі Капланаў да сябе, абяцалі дапамогу. Абрам ехаць катэгарычна адмовіўся, астатнія ж члены сям’і выехалі ў 1949 годзе.

Доўгі час, амаль 15 гадоў, Абрам Якаўлевіч нічога не ведаў пра сваю сям’ю. І толькі ў пачатку 60-х, у часы “хрушчоўскай адлігі” прыйшлі першыя лісты ад маці і малодшага брата Майка. З іх даведаўся, што родныя жывуць у Нью-Ёрку, добра ўладкаваліся, брат і сястра маюць сем’і, а ў Майка свой бізнэс: ён уладальнік сеткі ўнівермагаў. Аднак убачыцца давялося толькі на пачатку 90-х, у часы перабудовы, калі брат змог прыехаць са Штатаў у Дзятлава. Пасля гэтай сустрэчы сувязь з роднымі стала пастаяннай. Ды і распавядаць пра сваіх блізкіх Абрам Якаўлевіч ужо не баяўся: прыйшлі іншыя часы.

У канцы ліпеня 2008 года Майк Каплан з двума ўнукамі, Джорджуа і Ітанам, прыехаў на радзіму, у горад Дзятлава, сустрэўся з братам і яго сям’ёй. Бадзёры, жыццярадасны, камунікабельны чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі і які адбыўся як асоба ў Амерыцы, гаворыць на некалькіх мовах, любіць жыццё і людзей, з задавальненнем распавядае пра сябе і сваіх блізкіх, пра сустрэчы з землякамі тут і ў ЗША. Прыехаў не толькі пабачыць радню, але і паказаць прадаўжальнікам роду іх гістарычную радзіму, паказаць брацкія яўрэйскія магілы, распавесці тут, на роднай зямлі, пра ўсё, што прыйшлося калісьці перажыць, каб ведалі і памяталі, каб шанавалі мір на Зямлі.

– А яшчэ, – кажа Майк, – хацелася паказаць хлопчыкам, якая Беларусь прыгожая.

І, мяркуючы па рэакцыі маладых амерыканцаў, дзядулю гэта ўдалося.

У гімназіі № 1 горада Дзятлава адбылася сустрэча настаўнікаў, навучэнцаў і гасцей  з ЗША. Былы кіраўнік гімназічнага музея, настаўніца гісторыі Жанна Славаміраўна Нагавонская разам са сваімі выхаванцамі даўно займалася Халакостам на Дзятлаўшчыне, наладзіла сувязі з многімі музеямі постсавецкай прасторы, суполкамі яўрэяў за мяжой, у прыватнасці ў Ізраілі. Майк Каплан абяцаў сваю дапамогу ў пошуках яўрэяў Дзятлаўшчыны ў ЗША, распавёў пра тое, што амерыканскія яўрэі-землякі з дапамогай Стывена Спілберга стварылі фільм-успаміны пра вайну і Халакост у Савецкім Саюзе, які могуць перадаць у гімназічны музей.

– Жыццё працягваецца, памяць жыве, і цягнуць родныя ўзлескі, пакуль мы жывыя, пакуль мы хочам пастаяць на іх і падумаць пра вечнае, – з такімі словамі развітваўся Майк з радзімай, спадзеючыся вярнуцца яшчэ і яшчэ …

І ён вярнуўся ў 2019 годзе. Толькі брата Абрама ўжо не было на гэтым свеце.

Магчыма, гэта была апошняя сустрэча сям’і Капланаў, ахвяр Халакосту, з роднай зямлёй.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея