З якімі пытаннямі звярталіся да Івана Жука?

Важнае Свежыя навіны Улада

30 снежня Дзятлаўшчыну з рабочым візітам наведаў першы намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Жук.

У Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце Іван Алейзавіч правёў прамую тэлефонную лінію. Па падтрымку да яго звярнуліся двое нашых землякоў.

Жыхарка горада Дзятлава пацікавілася, ці з’явіцца асфальтавае пакрыццё на вуліцах Азёрнай і Леніна райцэнтра, таксама жанчыну хваляваў стан вулічнага асвятлення ў гэтым мікрараёне.

Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі патлумачыў Івану Жуку, што названыя вуліцы планавалася ўключыць у абласную інвестпраграму, але фінансавання пакуль няма. Аднак заўсёды ў належным стане падтрымліваецца гравійнае пакрыццё вуліц Азёрная і Леніна, своечасова ажыццяўляецца іх падсыпка і грэйдзіраванне. Што тычыцца вулічнага асвятлення, то яго там нядаўна памянялі. У бліжэйшы час будзе праверана, ці гараць усе ліхтары.

Другі званок паступіў ад жыхаркі аграгарадка Гезгалы. Жанчына расказала, што жыве ў шматкватэрным доме, дзе знаходзіцца мясцовая амбулаторыя. Медустанова займае невялікую плошчу, таму пацыентам не заўсёды зручна праходзіць там лячэнне. Затое ў аграгарадку ёсць адміністрацыйны будынак, куды раней планавалася перанесці амбулаторыю. Ці будзе гэта зроблена?

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі расказаў, што праектна-каштарысная дакументацыя для пераносу Гезгалаўскай амбулаторыі ў будынак былога сельвыканкама была зроблена яшчэ два гады таму. Пасля праходжання экспертызы яна будзе па-ранейшаму сапраўднай. Прапанова ўключыць перанос амбулаторыі ў абласную інвестпраграму на наступны год ужо вынесена Дзятлаўскім райвыканкамам на вобласць. Калі гэта пытанне вырашыцца станоўча, амбулаторыя праз пэўны час будзе працаваць па новым адрасе.

Іван Жук паабяцаў узяць пытанне па ўключэнні пераносу амбулаторыі ў інвестпраграму на свой кантроль і пазней паведаміць аб выніках.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup