Прырода – найважнейшы сродак пазнаваўчага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту.
Сваёй навізной, разнастайнасцю, дынамічнасцю прырода выклікае ў выхаванцаў цікавасць, дапытлівасць, жаданне пазнаваць яе таямніцы. Адной з таямніц прыроды з’яўляецца аб’ект нежывой прыроды – гліна.
У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава дзяцей знаёмілі з глінай у межах пазнавальна-даследчага праекта “Сакрэты гліны”. Дзеці даведаліся, дзе і як знаходзяць гліну ў нашай краіне і горадзе, у працэсе экперыментаў параўноўвалі яе з глебай і пластылінам, бліжэй пазнаёміліся з ганчарствам, асаблівасцямі працы дарослых па вырабе прадметаў з гліны.
З вялікай цікавасцю дзеці слухалі пра творчасць свайго земляка – беларускага мастака-кераміста Мікалая Несцярэўскага, разглядалі яго работы на выставе ў гарадскім музеі.
Гліна вельмі падатлівая, работа з ёй дазваляе фарміраваць у выхаванцаў уяўленні аб яе сродках выразнасці (аб’ём, форма, дынамізм, фактура), развіваць уменні ствараць прадметныя і дэкаратыўныя вырабы, камбінаваць прыёмы і спосабы лепкі. Падчас лепкі з гліны ў дзяцей развіваецца дробная маторыка рук, мысленне, уяўленне, яны знаёмяцца з асаблівасцямі і якасцямі гліны.
Праект прадугледжвае сумесную дзейнасць “выхаванцы-педагогі-бацькі”, што ўмацоўвае партнёрскія ўзаемаадносіны паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу.
У выніку праекта педагогі разам з дзецьмі аформілі фотаэкспазіцыі “Дзе знаходзяць гліну ў нашай краіне”, “Работы земляка М. Несцярэўскага”, “Пазнаём дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”; распрацавалі гульні-лато “Нежывая прырода”, “Мастацкія вырабы”; падрыхтавалі драматызацыю верша А. Дзеружынскага “Радзіма” з глінянымі медальёнамі і фігуркамі.
А бацькі былі ўдзельнікамі падрыхтоўкі буклетаў “Гатуем у гліняным посудзе”; міні-выставы “Хатнія вырабы з гліны”.
Спадзяёмся, што педагогі, дзеці і бацькі добра спазналі ўсе сакрэты гліны.
Ларыса БАЛБУНОВА,
выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup