Навагодні сюрпрыз для сям’і Тадарэнкаў

Галоўнае Грамадства

Дабрачынная навагодняя акцыя “Нашы дзеці” ўпэўнена крочыць па Дзятлаўшчыне. 21 снежня яна завітала ў шматдзетную сям’ю Святланы і Уладзіміра Тадарэнкаў з аграгарадка Жукоўшчына.

Павіншаваць шматдзетных бацькоў і пяцёра іх дзетак наведаліся старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Жукоўшчына” Алена Свіб з падарункамі ад прафкама гаспадаркі і раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

– Уладзімір Мікалаевіч і Святлана Аляксандраўна, у вас дружная вялікая сям’я, пра якую станоўча адгукваюцца ўсе, хто вас ведае, – звярнулася да шматдзетных бацькоў Алена Свіб. – Ад прафсаюзнага камітэта КСУП “Жукоўшчына”, дзе працуе тата, прыміце салодкія падарункі і пажаданні моцнага здароўя, сямейнага ладу і дабрабыту.

Валерый Верамейчык далучыўся да пажаданняў і ўручыў сям’і падарункі ад “Белай Русі” і “БРСМ”.

З пытаннямі да шматдзетных бацькоў звярнулася карэспандэнтка газеты.

Святлана Аляксандраўна, 2020 год быў адметны для вас, бо вы атрымалі ордэн Маці, а чаго чакаеце ад 2021 года?

– Найперш, здароўя для ўсіх нас. Яшчэ спадзяюся, што старэйшыя дзяўчаты Карына і Марына, якія вучацца ў 9 класе Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы, у 2021 годзе паспяхова здадуць экзамены і паступяць. Пятнаццацігадовая Карына збіраецца стаць выхавальніцай дашкольнай адукацыі. Яна любіць дзетак, умее знайсці да іх падыход, ды і дзеці да яе цягнуцца. Чатырнаццацігадовая Марына вельмі актыўная, таму мяркуем, што яна выбера для сябе спорт ці музыку. Увогуле, нашы дочкі творчыя асобы, любяць спяваць і танцаваць. Карына ўжо скончыла музычную школу па класе акардэона, Марына хутка скончыць яе па класе фартэпіяна. Дзяўчаты захапляюцца спортам. Марына паспяхова ўдзельнічае ў міжраённых і абласных спаборніцтвах па вольнай барацьбе, на яе рахунку дыпломы за перамогу і прызавыя месцы. Ёсць абласны дыплом па вольнай барацьбе і ў Карыны.

Дачушкі – мае галоўныя памочніцы ва ўсіх справах, яны клапоцяцца аб малодшых братах.

А што раскажаце пра сыноў?

– Сярэдні Мікіта ўжо першакласнік, ён больш спакойны. Чатырохгадовы Максім і Вадзімка, якому два з паловай гадкі, – гарэзы. Як самага маленькага, Вадзіма ўсе старэйшыя вельмі любяць і песцяць. Радуе, што сыны раўняюцца на дачок і стараюцца дапамагаць нам з мужам. Дзяўчаты паступяць – будзе нам дапамога ад хлопцаў.

– Як вы рыхтуецеся да святаў?

– З дзеткамі ўпрыгожылі ёлачку, павесілі агеньчыкі. На святы ў нас ёсць выдатная традыцыя збірацца разам за сталом. У мужа і ў мяне вялікія сем’і, таму на сямейных урачыстасцях мы не сумуем. Спадзяюся, што сёлета таксама весела сустрэнем Новы год і Каляды.

– Якія падарункі рыхтуюць вам дзеці?

– Упэўнена, што ад дзяўчат абавязкова будзе музычны сюрпрыз. Без гэтага не абыходзіцца ні адна сямейная ўрачыстасць, нядаўна Марына і Карына спявалі для бабулі на яе юбілей. Ну і, сваімі рукамі дочкі часта майструюць сувеніры, бо наведваюць гурткі ў школе.

– Чаго пажадаеце да святаў жыхарам Дзятлаўшчыны?      

– Міру, дабра, спакою, стабільнасці ў нашай краіне і, безумоўна, моцнага здароўя, якое дапаможа нам рухацца наперад, да пастаўленых мэтаў.

Ірына СТЫРНІК