Калонка рэдактара. Не жальцеся на жыццё

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Як адзначаў Вільгельм Фішэр: «Можна паскардзіцца на многае ў гэтым свеце, але пачынаць варта заўсёды з самога сябе».

Кожны з нас сутыкаецца ў жыцці з праблемамі. Але адны самастойна з імі спраўляюцца, іншыя – “грузяць” блізкіх скаргамі.

Як сцвярджаюць даследчыкі, у сярэднім кожны з нас скардзіцца на жыццё, людзей, абставіны, на самога сябе да 15-30 разоў у дзень. Але часцей за ўсё мы нават не заўважаем за сабой гэтага.

Мы скардзімся на жыццё, але пры гэтым шукаем каштоўнасці там, дзе іх у прынцыпе быць не можа: у набыцці новай машыны, дарагім адзенні, упрыгожваннях, усіх чалавечых матэрыяльных выгодах.

Ёсць людзі, якія ныюць пастаянна, ужо не заўважаючы гэтага. Ім увесь час “мала”, “халадно”, “цёмна”, “страшна”, “сумна”… ім стабільна “горш за ўсіх” і іх свет размаляваны ў змрочных танах. Яны адвыклі радавацца. Таму толькі тым і займаюцца, што шукаюць недахопы. Нават там, дзе іх няма.

Ёсць і іншыя, якія ўвесь час стараюцца разжалабіць. Часам яны становяцца адчайнымі задавакамі, якія прыходзяцьу захапленне ад уласных поспехаў. Але надоўга іх не хапае.

У асяроддзі кожнага з нас ёсць розныя людзі: і больш забяспечаныя і не вельмі, для адных важна наведаць храм, для іншых – акружыць клопатам родных і блізкіх, для некаторых – дасягнуць поспеху ў прафесійнай дзейнасці, ёсць і ныцікі. У кожнага з іх свае прыярытэты і дабрабыт свой. Хтосьці выказвае свае скаргі ўслых, шукае падтрымку, хтосьці не гаворыць, а проста вырашае свае праблемы сам, а іншы задумаецца: а для чаго мне пасланыя гэтыя выпрабаванні?

Я таксама заўсёды думаю, а чаму са мной гэта адбылося?

Думаю, што ўсе выпрабаванні, пасланыя чалавеку, патрэбныя для таго, каб стаць лепшым, каб перагледзець сваё жыццё. Адным словам, чалавеку ўсё жыццё неабходна працаваць над сабой.

Можна, вядома, паплакацца маме ў камізэльку, сяброўцы,ці каму-небудзь яшчэ, але вельмі блізкаму. Таму, хто зразумее цябе. Ад гэтага на душы стане крыху лягчэй, але праблемы свае ты ўсё роўна будзеш вырашаць сам. Ды і скаргі ў нас бываюць розныя. Дастаткова ўключыць тэлевізар і зразумець, што нашы скаргі і побач не стаялі з праблемамі, якія ёсць у іншых людзей. Я зараз аб хворых дзецях, якія маюць патрэбу ў дапамозе і бацькі якіх просяць аб ёй з блакітных экранаў. Вось гэта бяда, і нашы скаргі проста цьмянеюць на яе фоне.

Яшчэ для разважання… Не жальцеся на сваё жыццё. Лепш падумайце пра тых, хто пайшоў з жыцця занадта рана. Не жальцеся на сваю жонку ці мужа. Падумайце пра тых, хто ўсё жыццё адзінокі. Не жальцеся на капрызных дзяцей. Лепш падумайце пра тых, хто з дня ў дзень просіць Бога аб шчасці стаць бацькамі.

Шануйце тое, што маеце!

Наталля КАЛОДКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup