Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Мне пашчасціла ў сваім жыцці сустрэцца з гэтым легендарным чалавекам у 1982 годзе на чытацкай канферэнцыі ў Мінску.

Уражанні незабыўныя. Я і сёння помню, як яго добрыя вочы, нібы два маленькія сонейкі, сагравалі прысутных на працягу ўсёй сустрэчы.

26 лістапада 2020 года знакамітаму празаіку, публіцысту, паэту, перакладчыку, драматургу, сцэнарысту, самаму папулярнаму класіку айчыннай літаратуры Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу споўнілася б 90 гадоў. Ён сапраўдны майстра, яго ведае ўся Беларусь – ад вялікіх гарадоў да маленькіх вёсачак. Няма наогул ніводнай бібліятэкі, тэатра, установы культуры, дзе б яго імя ніколі не ўзгадвалася. А для многіх беларусаў менавіта Уладзімір Сямёнавіч на ўсё жыццё стаў любімым пісьменнікам. Уладзімір Караткевіч – адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры як другой паловы XX стагоддзя, так і ХХІ стагоддзя. Гэта першы пісьменнік нашай Бацькаўшчыны, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Пісьменнік любіў шмат падарожнічаць – з сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат рэгіёнаў Беларусі. І не проста наведаў, размаўляў з беларусамі, і па гарачых слядах нараджаліся творы. Усё жыццё ён быў верны свайму ж выказванню: “Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў”.

Мне захацелася здзейсніць літаратурна-віртуальнае падарожжа па мясцінах, якія самым цесным чынам звязаны з яго імем. Назва яго папулярнага нарыса “Зямля пад белымі крыламі” даўно стала крылатым выразам. Надзвычай скрупулёзна распавёў Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў гэтым нарысе, дзе ён здолеў ахапіць беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гадоў.

Малая радзіма Уладзіміра Караткевіча – горад Орша. Яго бацька Сямён Цімафеевіч скончыў гарадское вучылішча ў Оршы, працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім фінансавым аддзеле. Маці Надзея Васільеўна, з роду Грынкевічаў, пасля заканчэння Марыінскай гімназіі ў Магілёве, некаторы час працавала настаўніцай у сельскай школе пад Рагачовам. Вялікі ўплыў на пісьменніка аказаў дзед Васіль Юльянавіч Грынкевіч, чалавек з багатым вопытам, які быў дасціпным апавядальнікам. Ад яго ўнук пачуў шмат казак і паданняў, пераняў любоў да прыроды.

Пісьменнік потым скажа: “Народная творчасць наогул, а беларуская… увасобку – гэта мора, якое хавае ў сабе незлічоныя скарбы. Трэба толькі ўмець гэтыя скарбы дастаць”. І ён усё жыццё іх даставаў.

У 1938 годзе Уладзімір пайшоў у школу ў Оршы. Да пачатку вайны паспеў скончыць тры класы. У пасляваенны час аршанскі школьнік Караткевіч змясціў на старонках рукапіснага часопіса “Званочак” некалькі сваіх вершаў, а таксама прыгодніцкую аповесць “Загадка Неферціці”. Яшчэ ў восьмым класе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п’есы “Млын на Сініх Вірах”.

Улетку 1950 года ў Оршы, пасля першага курса філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта, Караткевічам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”. Летам 1952 года пад уражаннем паездкі ў Вязынку быў напісаны нарыс “Вязынка”, які разам з пісьмом Караткевіч даслаў жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Луцэвіч.

У 1967 годзе на канферэнцыі па рамане “Каласы пад сярпом тваім”, якая праходзіла ў Брэсце, Уладзімір пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педагагічнага інстытута Валянцінай Нікіцінай, з якой пасля ён ажаніўся.

У 1983 годзе Уладзімір Караткевіч паехаў у Оршу, у бацькоўскі дом да пляменніцы. У Мінск вярнуўся ў пачатку снежня. Незадоўга да смерці ён наведаў дарагія сэрцу мясціны. З’ездзіў у Рагачоў. 12 ліпеня 1984 года з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым адправіўся ў паход па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна, і ён вярнуўся ў Мінск. Пахаваны класік на Усходніх могілках у Мінску.

Адным з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў з’яўляецца раман “Каласы пад сярпом тваім”, які многія называюць галоўным у яго творчасці. Глыбокімі разважаннямі над сэнсам жыцця і лёсам роднай зямлі насычана аповесць “Ладдзя Роспачы”. Трагедыя і веліч нацыянальнай гісторыі ім асэнсаваны ў п’есах “Кастусь Каліноўскі”, “Званы Віцебска”, “Маці ветру”. Мне пашчасціла паглядзець спектакль па “Званах Віцебска” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Коласа.

Імя Уладзіміра Караткевіча носіць бібліятэка № 14 у Віцебску, бібліятэка у Наваполацку, дзіцячая бібліятэка ў Оршы. У Оршы з 2000 года працуе музей пісьменніка. Матэрыялы пра яго жыццё і творчасць экспануюцца ў Рагачоўскім музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі. У Віцебску ўсталяваны помнік Караткевічу у 1994 годзе. Помнік у Оршы быў адкрыты 27 чэрвеня 1992 года да 925-годдзя заснавання горада. На дамах у Оршы, дзе Караткевіч жыў у канцы 1950-х гадоў, і ў Мінску, дзе была яго кватэра, усталяваныя памятныя дошкі. Памятная дошка ўсталявана і на будынку школы № 8 у Оршы, у якой Караткевіч працаваў у 1956-1958 гадах. Імем Уладзіміра Караткевіча названы вуліцы ў Астраўцы, Віцебску, Гродне, Рагачове, Століне, Оршы. Імя Караткевіча носіць Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Чаму яго кнігі папулярныя і ў ХХІ стагоддзі? Аўтар быў верны свайму крытэрыю: “Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя”.

Дарэчы, у 2011 годзе сталічнае выдавецтва “Мастацкая літаратура” распачало 25-томнае выданне твораў пісьменніка, дзе тэксты друкуюцца з адмененымі рэдактарскімі і цэнзарскімі праўкамі. У гэты збор будуць уключаны творы, якія не друкаваліся пры жыцці пісьменніка, малюнкі, лісты, дзённікі, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, інтэрв’ю, выступленні.

Давайце чытаць і перачытваць творы вялікага Майстра!

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: