Кантакт першага ўзроўню. Правілы самаізаляцыі

Важнае Грамадства

Пры рэгістрацыі выпадка інфекцыі COVID-19 спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі вызначаюць кола асобаў, якія адносяцца да кантактаў I (мелі цесны кантакт з хворым) і II (мелі кароткі ці не блізкі кантакт) узроўняў.

Як павінен паводзіць сябе чалавек, які стаў кантактам першага ўзроўню? На гэта пытанне адказвае доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага РайЦГЭ Мікалай Дзядовіч.

– Кантакты І узроўню ізалююцца і праходзяць лабараторнае абследаванне па месцы ізаляцыі. Ім уручаецца патрабаванне аб захаванні правілаў паводзінаў. Рэжым самаізаляцыі для ўласнай бяспекі і бяспекі навакольных людзей неабходна выконваць на працягу 14 дзён. У гэты час нельга наведваць работу і вучобу, а таксама месцы масавага знаходжання людзей: магазіны, кавярні, гандлёвыя цэнтры і іншыя. Забяспечыць дастаўку прадуктаў і прадметаў першай неабходнасці трэба так, каб выключыць непасрэдны кантакт з людзьмі, якія прыносяць неабходнае. Разлік лепш ажыццяўляць карткай, а не наяўнымі грашыма. Максімальна абмежаваць кантакты варта і з членамі сям’і, якія жывуць разам: заставацца ў асобным пакоі, а ў выпадку яго адсутнасці – забяспечыць адлегласць не менш за 1,5 метра ад іншых членаў сям’і.

Больш увагі ў гэты час варта надаць асабістай гігіене. Старанна мыйце рукі з мылам не менш за 20 секунд, не забывайце пра вобласці паміж пальцамі, вакол пазногцяў, кутыкулы і вялікага пальца. Можна выкарыстоўваць антысептык для апрацоўкі рук.

Як мага часцей праветрывайце памяшканне, праводзьце вільготную ўборку, надаючы асаблівую ўвагу апрацоўцы дзвярных ручак, прадметаў мэблі, тэлефонных апаратаў, пультаў кіравання, камп’ютарных клавіятур, іншых гаджэтаў, санітарна-тэхнічнага абсталявання. Выкарыстоўвайце аднаразовыя насоўкі або сурвэткі з наступнай іх утылізацыяй у закрыты кантэйнер або пластыкавы пакет.

Самаізаляваным нельга пакідаць жыллё за выключэннем наступных выпадкаў крайняй неабходнасці: гэта наведванне бліжэйшага харчовага магазіна ці аптэкі для набыцця неабходных тавараў, а таксама вынас бытавых адходаў у бліжэйшае месца збору. Пры выхадзе з жылога памяшкання ў такім разе трэба выкарыстоўваць маску і не дапускаць кантактаў з іншымі людзьмі.

У выпадку парушэння патрабаванняў самаізаляцыі выплата па часовай непрацаздольнасці прызначаецца парушальніку ў памеры 50 % ад дапамогі, налічанай у адпаведнасці з заканадаўствам.

Парушэнне патрабаванняў самаізаляцыі паводле заканадаўчых актаў таксама цягне адказнасць у выглядзе накладання штрафу да 50 базавых велічыняў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: