Калонка рэдактара. “Запаліць” іншых

Грамадства Свежыя навіны

Ён – артыст, але яго слухачы не апладзіруюць яму.

Ён – скульптар, але яго працы ніхто не бачыць. Ён – доктар, але яго пацыенты рэдка дзякуюць за лячэнне і далёка не заўсёды хочуць лячыцца. Але адкуль яму ўзяць сілы для штодзённага натхнення? Толькі ў самім сабе, толькі ў свядомасці велічы сваёй справы.  (С. Л. Салавейчык)

Менавіта так характарызуе настаўніка знакаміты педагог, пісьменнік, журналіст, аўтар бестселераў для дзяцей і бацькоў Сымон Салавейчык.

І гэта сапраўды так. Бо кожны чалавек – гэта цэлы свет, і ўсё самае важнае, нябачнае, усё сапраўднае знаходзіцца ўнутры нас, што мы выказваем думкамі, пачуццямі, сваім стаўленнем да таго, што адбываецца.

Але … усе мы бачым чалавека і яго свет праз сваё ўспрыманне, праз свой свет і ацэньваем праз яго ўсё, што адбываецца вакол. Мы думаем, што свет, які мы бачым вачамі, чуем вушамі, адзіны, які існуе.

А спазнаць тое “сапраўднае” можна, толькі спазнаючы свет іншых людзей, таму што існуе закон у гэтым свеце: “в чужом глазу сучок увидим, а в своем бревна не замечаем”. Каб зразумець свет іншага, трэба вельмі добра папрацаваць над гэтым.

Як разгледзець, як зразумець, як падказаць – дадзена не кожнаму!

Усе мы прайшлі школьныя гады, хтосьці праходзіць іх цяпер, але несумненна адно: школа – гэта маленькае жыццё, якое ў свой час пражывае кожнае дзіця, з ёй мы дзелім любоў і радасць, засмучэнні і няўдачы, вучымся разумець адзін аднаго, дараваць, падтрымліваць сяброў у цяжкую хвіліну, дапамагаць старэйшым. І ўвесь гэты шлях побач з намі ідуць нашы настаўнікі. Тыя, хто спазнае наш свет, і тыя, хто вучыць пазнаваць свет іншых, хто дапамагае знайсці сваё месца, а пасля заканчэння школы стаць чалавекам адукаваным і здольным самастойна здабываць веды, неабходныя ў жыцці.

Праца настаўніка – гэта штодзённая падрыхтоўка да правядзення ўрокаў, падбор цікавага матэрыялу, уменне данесці яго да дзяцей, а таксама захапленне сваёй справай. Але для таго, каб “запаліць” іншых, настаўнік павінен гарэць сам. Прыклады нам вядомыя з гісторыі: настаўнікам, напрыклад, Аляксандра Македонскага быў старажытнагрэчаскі навуковец і філосаф Арыстоцель. І хто ведае, стаў бы Аляксандр настолькі вялікім змагаром і царом, калі б не ўрокі яго настаўніка.

Я ўпэўнена, што настаўнік – гэта не проста прафесія, а цэлае жыццё! Гэта лад жыцця, стан душы. Гэта спалучэнне прафесіяналізму і таленту зносін.

Мы становімся дарослымі, выбіраем свой шлях. Але ў кожным з нас заўсёды захоўваюцца цёплыя ўспаміны, якія пакінулі нам настаўнікі і школа.

Хто ў будучыні захоча стаць настаўнікам, давядзецца прайсці вялікую школу жыцця. І выбіраць гэтую прафесію варта толькі тым, хто адчувае ў сабе заклік быць педагогам, настаўнікам, сябрам, дарадцам і прыкладам ва ўсім.

Наталля КАЛОДКА