Цікавае падарожжа ў мінулае

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У 2019/2020 навучальным годзе ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе ў Савета музея “Шляхамі продкаў” з’явілася ідэя стварэння настальгічнай экспазіцыі “Прывітанне з СССР”.

Навучэнцы, настаўнікі, бацькі з задавальненнем адгукнуліся на гэтую ідэю і прынялі ўдзел у зборы экспанатаў часоў СССР. Рэчы, якія ляжалі на антрэсолях, гарышчах, атрымалі другое жыццё.

Экспазіцыю музея “Прывітанне з СССР” склалі бытавыя прыборы, прадметы хатняга выкарыстання, кнігі, цацкі, паштоўкі, значкі, школьная форма з піянерскім гальштукам, патэфоны, радыёлы, магнітафоны, друкаваныя машынкі, плёнкавыя фотаапараты, тэлевізар, радыё. Усе гэтыя рэчы дазволілі акунуцца ў мінулае. Вельмі цікава паслухаць, як гучыць патэфон, набраць нумар на дыскавым тэлефоне. У музеі з’явіўся і старэнькі дыяпраектар, па якім можна было глядзець дыяфільмы. У савецкія гады ён быў практычна ў кожным доме. Большасць экспанатаў можна памацаць рукамі, праверыць, як гэта працуе, а сёе-тое нават адчуць на пах: бабуліны духі “Чырвоная Масква” адэкалоны “Шыпр” і “Гваздзік”.

Падчас правядзення экскурсій па музеі можна пагрузіцца ў эпоху 50-80-х гадоў 20 стагоддзя. Экскурсіі разлічаны на тых, хто ніколі не жыў у савецкую эпоху. Мы даведваемся, чым займаліся ў савецкія часы дзеці, не маючы камп’ютара і мабільных тэлефонаў, кім яны хацелі стаць, пра якія цацкі марылі і ў якія гульні гулялі.

Экспазіцыя “Прывітанне з СССР” дае магчымасць тым, хто жыў у савецкі час, аддацца ўспамінам, а нам, навучэнцам, знайсці новыя жыццёвыя каштоўнасці.

Дар’я МАЗОЛЬ,
навучэнка Казлоўшчынскай сярэдняй школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup