Паспаборнічалі ў дартсе

Важнае Спорт і турызм

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна ў рамках акцыі “За Беларусь” прайшло асабістае першынство па дартсе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Мерапрыемства ладзілася пры падтрымцы Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба. Удзел у спаборніцтвах прынялі выхаванцы Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і ўдзельнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Пазмагацца і паказаць спартыўныя здольнасці пажадалі 12 ігракоў.

Інструктар-метадыст Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, ён жа галоўны суддзя першынства, Аляксандр Белавус пажадаў поспехаў удзельнікам і расказаў аб правілах гульні. Асаблівых спартсменаў чакала восем тураў,  кожнаму з іх прадастаўлялася па тры спробы кідання дроцікаў у адпаведны лік. Амаль усе прысутныя раней гулялі ў дартс і маюць неабходныя навыкі.

Гульня праходзіла вельмі эмацыянальна і напружана.

Па выніках васьмі тураў найбольш ачкоў (усяго 192) аказалася на рахунку Аляксандры Паўлусенка, другое месца – 188 ачкоў, у  Васіля Лявошкі. Таццяна Рэгіневіч, якая набрала 180 ачкоў, стала бронзавым прызёрам першынства.

 

– Спадзяюся, што ўдзельнікі спартыўнага мерапрыемства атрымалі зарад бадзёрасці і шмат пазітыўнага настрою ад сустрэчы, – адзначыла Вольга Васіленка, дырэктар Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба. Яна  ўручыла пераможцам дыпломы, а Аляксандра Паўлусенка за першае месца атрымала яшчэ і грашовую прэмію.

 

Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup