Лёсы людскія. Якія яны – ардэнаносцы?

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У сваім артыкуле хачу расказаць пра простую, мудрую, прыгожую беларускую жанчыну, Кацярыну Аляксандраўну Ляшчун з аграгарадка Вензавец Дзятлаўскага раёна. Яна мужна вытрымала ўсе выпрабаванні лёсу.

Нарадзілася яна за год да Вялікай Айчыннай вайны, 18 мая 1940 года, у палескай вёсачцы Губарэвічы, што ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці, у шматдзетнай сям’і. Бацькі – звычайныя вяскоўцы: Аляксандр Іванавіч Хорсун працаваў даглядчыкам калгаснай жывёлы, а маці, Агаф’я Маркаўна, санітаркай на ФАПе. Выгадавалі яны васьмёра дзяцей. Кацярына была пятай.

У першы клас пайшла яна ў васьмігадовым узросце, бо школа была за тры кіламетры, у суседняй вёсцы Стралічова. Дзяцінства, што прайшло падчас ваеннага ліхалецця і цяжкіх напаўгалодных пасляваенных гадоў, паскорыла сталенне дзяўчыны. А ў дадатак – штодзённыя, пры любым надвор’і, у дождж і снег, у завею і летні санцапёк шасцікіламетровая дарога ў школу і дахаты загартавалі характар далікатнай дзяўчынкі. Кацярына марыла хутчэй дапамагчы сям’і, ёй хацелася самой зарабіць на лусту хлеба. Ужо пасля сямі класаў хацела паступіць у вучылішча сельскай механізацыі і навучыцца кіраваць трактарам, каб сеяць і вырошчваць хлеб. Але бацькі адгаварылі невысокую хударлявую дзяўчынку адкласці гэтую задуму на адзін год, каб падрасла, набралася сіл і больш надзейна ціснула на рычагі трактара.

Мінуў год, і Кацярыну залічылі ў спіс навучэнцаў вучылішча сельскай механізацыі нумар трыццаць у вёсцы Рудакова. Дарэчы, пад яго аўдыторыі былі прыстасаваны памяшканні сядзібнага дома і гаспадарскія пабудовы старажытнага шляхецкага роду Ваньковічаў.

Сёмага сакавіка 1959 года, напярэдадні свята жанчын, Кацярына Аляксандраўна атрымала пасведчанне на права кіраваць гусенічным трактарам, і, даўшы пару дзён на зборы, усю групу маладых механізатараў накіравалі на практыку на цаліну.

Саўгас імя Талбухіна ва ўсходне-казахстанскай вобласці сустрэў маладых беларусаў снегам і марозамі. Спачатку механізатарам давялося амаль месяц даводзіць да ладу трактары, плугі, сеялкі і іншую прычапную тэхніку. І ўсё гэта рабілася,як правіла, пад адкрытым небам, на вятрах і ранішніх марозах. Затым, калі зямля адтавала, аралі, баранавалі, сеялі ад цямна да цямна. На адпачынак прыпадала пяць-шэсць гадзін. Неўзабаве пачалася і ўборка. Зноў напружаны графік.

Кацярыне давялося працаваць на збожжатаку весаўшчыцай, учотчыцай, выпісваць накладныя. Для дзевятнаццацігадовай дзяўчыны праца была вельмі адказнай.

Амаль год цяжкай, адказнай працы праляцеў хутка, але як ён загартаваў характар. Кацярына вярнулася дадому вопытным трактарыстам, адказным працаўніком. На такую дзяўчыну пастаянна звярталі ўвагу мясцовыя хлопцы. З адным, Рыгорам Лешчуном, у канцы 1961 года Кацярына Аляксандраўна звязала свой лёс. Сямейнае жыццё ладзілася. Праз год нарадзіўся першы сын Мікалай, яшчэ праз два – дачка Люба. Затым з інтэрвалам у два гады – сыны Сяргей і Вячаслаў. 1972 год падарыў чацвёртага сына – Генадзя, а 1976-ы – пятага, Рыгора.

У пачатку 1979 года пасля непрацяглай хваробы пайшоў з жыцця муж Кацярыны Аляксандраўны. Трыццацівасьмігадовая жанчына ўзяла ўсе клопаты па выхаванні шасцярых дзяцей на свае плечы. Працу на трактары давялося пакінуць. Свякроў Аляксандра Рыгораўна падтрымлівала сваю нявестку, і шматдзетная сям’я ні ў чым не мела патрэбы. Але тут зноў гора – аварыя на Чарнобыльскай АЭС. У 1990 годзе з забруджанай зоны сям’я пераехала ў вёску Вензавец. Мясцовы калгас выдзеліў сям’і першы паверх двухкватэрнага дома.

Вось ужо мінула 30 гадоў, як Вензавец і Дзятлаўшчына сталі другой радзімай для Кацярыны Аляксандраўны, а забыць свае родныя Губарэвічы цяжка, ды і немагчыма. Праўда, ад іх сёння засталася толькі назва і не больш двух-трох дамоў, астатнія закапалі ў зямлю.

Кацярына Аляксандраўна па стане здароўя не была на сваёй радзіме ўжо пяць гадоў, але не губляе надзеі пры першай магчымасці хоць на хвіліну завітаць туды, зрабіць пару крокаў па роднай зямлі, схіліць галаву над магіламі бацькоў і любага мужа, вернай якому засталася на працягу ўсяго свайго жыцця.

Побач з Губарэвічамі ўтвораны палескі радыяцыйна-экалагічны заказнік. Вучоныя праводзяць розныя вопыты, ставяць эксперыменты. Але чаму чалавека цягне на тыя мясціны, дзе ён нарадзіўся, дзе зрабіў першыя крокі, разгадаць навукоўцам пакуль не ўдалося. Ды і ці ўдасца калі-небудзь?

З кожным годам Вензавец становіцца таксама блізкім і родным сям’і Лешчуноў. Кацярыну Аляксандраўну часта наведваюць дзеці. Яны расказваюць пра пражытае, пра планы, радуюцца поспехам, раяцца, як пераадолець тыя ці іншыя жыццёвыя хібы.

У Вензаўцы побач з матуляй жыве дачка Люба. У Мінску – Вячаслаў, палкоўнік запасу. У Дзятлаве, у сельгасупраўленні, працуе вадзіцелем Сяргей. А Генадзь, былы супрацоўнік МНС, ужо пенсіянер. Самы малодшы сын, Рыгор, пасля вучобы ў Віцебскім універсітэце працаваў настаўнікам малявання, мастаком-афарміцелем, а зараз загадчык гаспадаркі ў дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Баравічок”.

Усе дзеці знайшлі сабе годнае месца ў жыцці, усе прыстойныя людзі. Кацярына Аляксандраўна па праву можа ганарыцца імі, бо і сама маці-гераіня. Яшчэ ў 1973 годзе яна атрымала ўзнагароду – ордэн Маці II ступені, мае званне “Ударнік 6-й пяцігодкі”, удзельніца ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі, што пацверджана адпаведнымі дакументамі. Але самае галоўнае – яна маці шасцярых дзяцей, бабуля трынаццаць унукаў і прабабуля трох праўнукаў, сціплы, прыгожы душой чалавек з вялікай літары.

Дай Вам Бог, шаноўная Кацярына Аляксандраўна, здароўя, даўгалецця, радуйце сваім аптымізмам родных і блізкіх.

Валерый ПЕТРЫКЕВІЧ,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup