З 14 па 20 верасня 2020 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступілі 104 паведамленні, 10 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 43 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 51 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты 31 правапарушальнік, узбуджаны шэсць крымінальных спраў.
Іншага аргумента не знайшоў
14 верасня пракуратура Дзятлаўскага раёна ўзбудзіла крымінальную справу на пяцідзесяцігадовага жыхара аднаго з аграгарадкоў раёна. У час высвятлення адносінаў з былой жонкай мужчына ўзяў у рукі нож і пагражаў жанчыне забойствам. Цяпер хатняму агрэсару давядзецца адказваць перад судом.
Злодзей з “Куфара” грошы скраў
13 верасня ад дзеянняў невядомага інтэрнэт-злодзея пацярпела наша зямлячка, жыхарка аднаго з аграгарадкоў раёна. Зламыснік з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі з выхадам у інтэрнэт на сайце “Куфар” завалодаў рэквізітамі банкаўскай карткі ААТ “Беларусбанк” жанчыны. У выніку чаго яна недалічылася на сваім карт-рахунку 781 рубля.
18 верасня раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў чарговую крымінальную справу па факце махлярства ў інтэрнэце. На вуду злачынцы трапіла яшчэ адна жыхарка Дзятлаўшчыны. 4 жніўня жанчына згадзілася набыць дзіцячы касцюм, але замест гэтага прадавец пакінуў яе без 99 рублёў 99 капеек.
Міліцыя нагадвае жыхарам раёна, што нікому нельга даваць рэквізіты сваіх банкаўскіх картак і асабістую інфармацыю.
Няўважлівасць на дарозе – бяда
17 верасня ў 12 гадзін 40 хвілін у аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла паведамленне, што на абочыне аўтадарогі па вуліцы Школьнай вёскі Явар знойдзены труп жанчыны з цялеснымі пашкоджаннямі.
Праваахоўнікі хутка ўстанавілі акалічнасці дарожнага здарэння. Як высветлілася, 17 верасня а поўдні механізатар аднаго з сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна ехаў на трактары “МТЗ-82” па вуліцы Школьнай вёскі Явар, дзе ўчыніў наезд на мясцовую жыхарку, 1950 года нараджэння. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў жанчына памерла на месцы здарэння.
Наведаліся злодзеі
З дома ў вёсцы Амбражылевічы, які выкарыстоўваецца ў якасці дачы, невядомы злодзей скраў кампрэсар ад халадзільніка, коштам 80 рублёў. У памяшканне зламыснік залез праз акно, якое здолеў адкрыць.
А вось гаспадыня жылога пакоя па вуліцы Цэнтральнай, 5/4 аграгарадка Круцілавічы неабачліва пакінула адкрытымі ўваходныя дзверы. У выніку жанчына засталася без 150 рублёў.
Праваахоўнікі просяць жыхароў раёна, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці нераскрытых злачынстваў, паведаміць інфармацыю па тэлефоне 102 ці звярнуцца да ўчастковага інспектара міліцыі.
Дапамажыце адшукаць чалавека
6 верасня са свайго дома ў вёсцы Нагародавічы пайшоў і не вярнуўся беспрацоўны Валерый Арсеньевіч Філіповіч, 1964 года нараджэння. Да гэтага часу месцазнаходжанне мужчыны невядома. Заява ў міліцыю паступіла 15 верасня ад яго знаёмай.
Здарэнні ў сельгаспрадпрыемствах
За мінулы тыдзень да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення на працоўным месцы была прыцягнута адна работніца сельгаспрадпрыемства Дзятлаўскага раёна.
Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup