Каму прадугледжана штомесячная кампенсацыя?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

25 верасня 2013 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Указ № 441 “Аб некаторых пытаннях прафесійнага пенсійнага страхавання і пенсійнага забеспячэння”(далей – указ №441).

У ім гаворыцца, што работнікам, якія заняты ў асаблівых умовах працы або займаюцца асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці, якія да 1 студзеня 2009 года адпрацавалі менш за палову спецыяльнага стажу або не маюць такога стажу да названай даты (адпаведна не будуць мець права на датэрміновую пенсію ў агульнай пенсійнай сістэме), прадастаўляецца магчымасць выбраць кампенсацыю за працу з асаблівымі ўмовамі працы ў выглядзе штомесячнай даплаты да заработнай платы (далей – даплата).

Пры выбары даплаты работнік атрымае дадатковы бягучы даход замест права на прафесійную пенсію ў будучым. Выплата даплаты, як і выплата ўзносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне, ажыццяўляецца толькі да дасягнення работнікам агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

Выбар работнікам даплаты афармляецца шляхам падачы працадаўцу пісьмовай заявы. У заяве работнікам павінны быць указаны звесткі аб перыядах наяўнага ў яго спецыяльнага стажу працы, які выпрацаваны да 1 студзеня 2009 года. Форма заявы работніка, парадак яе падачы, рэгістрацыі і захоўвання вызначаюцца лакальным нарматыўным прававым актам працадаўцы. Рашэнне аб праве канкрэтнага работніка на даплату прымаецца працадаўцам па выніках вывучэння дакументаў, якія пацвярджаюць спецыяльны стаж гэтага работніка.

У выпадку ўзнікнення спрэчных пытанняў аб працягласці спецыяльнага стажу работніка тлумачэнні працадаўцу можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пры прадастаўленні дакументаў, якія пацвярджаюць спецыяльны стаж.

Памер даплаты вызначаецца працадаўцам, але ён не можа быць меншым за суму ўзносу на прафесійнае пенсійнае страхаванне за гэтага работніка.

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2020 года № 15 “Аб змяненні указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”  з 1 студзеня 2021 года будуць павышаны тарыфы ўзносаў працадаўцаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне работнікаў, занятых на работах з асаблівымі ўмовамі працы або асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці (за выключэннем работнікаў, занятых на работах з асаблівымі ўмовамі працы па спісах № 1 і № 2, тарыфы ўзносаў для якіх былі павялічаныя з 1 студзеня 2014 года ўказам № 441).

Напрыклад, для мужчын, якія працуюць трактарыстамі-машыністамі сельскагаспадарчай вытворчасці, непасрэдна занятых у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама для жанчын, якія працуюць жывёлаводамі (аператарамі жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм) і свінаводамі (аператарамі свінагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм), якія выконваюць пэўныя віды работ, а таксама працуюць даяркамі (аператарамі машыннага даення) цяпер устаноўлены тарыф узносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне 2,3% заработнай платы. З 1 студзеня 2021 года гэты тарыф будзе павялічаны да 6%.

Для асобных катэгорый медыцынскіх і педагагічных работнікаў з 1 студзеня 2021 года тарыф узносаў на прафесійнае пенсійнае страхаваннепавялічыцца з 1,5 % да 4%.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у Дзятлаўскім раённым аддзеле Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па тэлефонах:2-12-72, 2-50-62.

Марыя ЖЫДКО,
начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва