Калонка рэдактара. Фатаграфуйцеся і будзьце здаровыя!

Грамадства Свежыя навіны

Нядаўна ў адным часопісе прачытала пра метад “хохочущих фотографий”, вывучэннем якога заняўся псіхолаг Аляксей Чалы.

 

Дасведчаным шляхам ён вызначыў, што “ў лячэбных мэтах можна ўздзейнічаць на падсвядомасць чалавека зафіксаванымі станоўчымі эмоцыямі на фотаздымках”. Кажучы прасцей, фотаздымкі людзей, на якіх яны смяюцца, здольныя вылечваць хваробы.

Калі зрабіць самааналіз, то можна прыйсці да высновы, што смех заўсёды выклікае пазітыўныя эмоцыі і паляпшае наш настрой, але лепшыя чалавечыя эмоцыі мы адчуваем у сваёй сям’і: пры нараджэнні дзіцяці, на сямейных святах, у падарожжах, сумесных справах…

Так бывае, калі сям’я моцная сваёй сілай і духам, калі адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Такой сям’і ніякія перашкоды не страшныя.

Шанц быць шчаслівай сям’ёй ёсць ва ўсіх. Для гэтага неабходна ўпарта працаваць над будаўніцтвам свайго “сямейнага астраўка”, неабходна быць цярплівымі, але самае галоўнае – умець дараваць.

На мой погляд, добрымі памочнікамі ў гэтым “будаўніцтве” з’яўляюцца сямейныя традыцыі і каштоўнасці, менавіта дзякуючы ім сям’я становіцца сям’ёй у поўным сэнсе гэтага слова.

У памяці ўсплываюць успаміны аб святкаванні ў маёй сям’і Вялікадня. Гэта было нешта незабыўнае. Мы адзначалі яго ў вёсцы ў маіх бабулі і дзядулі. У дзень святой урачыстасці ўся сям’я збіралася разам. Пах пірагоў, ды не аднаго, а так, каб потым кожны павёз яшчэ з сабою, бабуля з дзядулем ездзілі выпякацьда знаёмай жанчыны ў вёсцы. А біткі фарбаванымі яйкамі!

Так было да таго часу, пакуль сем’i сталі павялічвацца. Пазней святкаванне адзначалі на вуліцы, а калі і там нам стала цесна – пачалі прыязджаць па чарзе кожны са сваёй вялікай сям’ёй –  з дзецьмі, унукамі, праўнукамі.

Час ляціць хутка. Бабулі ўжо няма з намі, а традыцыя засталася. Цяпер ужо яе праўнучка працягвае ў сваёй сям’і. І нават калі ў яе няма магчымасці прыехаць на свята, мы абменьваемся відэа і фота з мабільнага тэлефона і ва ўсіх на стале ў цэнтры –  велікодны пірог!

Сямейныя каштоўнасці крыху нагадваюць сямейныя канікулы, неверагодныя сюрпрызы, пасля якіх у нашай памяці застаюцца прыемныя ўспаміны і ўражанні.

Дзякуючы мабільным тэлефонам мы сёння не пазбаўлены магчымасці захаваць нашы лепшыя сямейныя падзеі, святы, будні і пераглядаць іх шмат разоў, успамінаючы ў драбнюткіх падрабязнасцях, як гэта было. І заўсёды гэта так выдатна!

Выкарыстоўвайце ўсе сродкі, добраўпарадкоўвайце свае “сямейныя астраўкі”, фатаграфуйцеся і будзьце здаровыя!

Наталля КАЛОДКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup