6 верасня – Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Дасягненні. Вопыт. Перспектывы

Важнае Грамадства

“А ў нас у кватэры газ. А ў вас?” – пэўна, многія памятаюць гэтыя радкі з дзіцячага верша.

І сапраўды, газ сёння ёсць амаль у кожным доме, кватэры, установе. Без яго нам не абысціся ні летам, ні зімой. А як наладжана газазабеспячэнне на Дзятлаўшчыне? Пра дасягненні ў рабоце за бягучы год, перспектывы, адносіны ў калектыве расказаў начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар:

– Мы пастаянна працуем над выкананнем задач па безаварыйным і бесперабойным газазабеспячэнні аб’ектаў гаспадарання і насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Цяпер ва ўпраўленні газіфікавана 12 496 кватэр. За бягучы год праведзены работы па пераводзе сямнаццаці кватэр са звадкаванага на прыродны газ, газіфікавана звадкаваным газам трынаццаць кватэр, устаноўлена 29 газавых лічыльнікаў, заменены 523 бытавыя газавыя пліты і больш за 100 адзінак іншага газавага абсталявання.

– Наколькі запатрабавана сёння ў насельніцтва паслуга па дастаўцы звадкаванага газу ў балонах?

– У негазіфікаваных населеных пунктах, вядома, балоны з газам заказваюць, хоць з кожным годам усё радзей. Немалаважную ролю тут адыгрывае і матэрыяльны бок. З-за павышэння кошту балонаў людзі больш эканомна і беражліва расходуюць звадкаваны газ. Нашымі асноўнымі заказчыкамі з’яўляюцца вясковыя людзі, а такое насельніцтва таксама з кожным годам памяншаецца.

– Што яшчэ сёлета запланавана ў рабоце Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння?

– У перспектыве да канца гэтага года мы павінны выканаць чатыры ліквідацыі газарэгулятарных пунктаў з устаноўкай шкафных рэгулятарных пунктаў. З мэтай павышэння надзейнасці сістэмы газазабеспячэння і бесперабойнай пастаўкі газу выканана пракладка газаправода праз раку Моўчадзь і заменена дванаццаць адключальных устройстваў на падземных газаправодах, плануем замяніць яшчэ тры адключальныя ўстройствы. Важна, што пры адключэнні ўчасткаў газаправодаў, калі замяняем на новыя, мы не спыняем падачу газу спажыўцам. Для гэтага прымяняем сістэмы “СтопТрон” і “Ravetti”. Думаю, гэта вельмі важная і неабходная праца, якая не стварае нязручнасцяў спажыўцам газу.

– Як думаеце, пры уводзе ў эксплуатацыю Астравецкай атамнай электрастанцыі ці будуць карыстацца большай папулярнасцю ў насельніцтва электрычныя ацяпляльныя катлы замест газавых?

– Час пакажа. Мяркую, што масавых пераводаў не будзе, толькі калі самі людзі захочуць. Напэўна, на электрыфікацыю больш будуць пераводзіць новыя аб’екты. Яшчэ неабходна ўсё прааналізаваць, падлічыць эканамічную выгаду, паглядзець, якім стане тарыф.

– Пагадзіцеся, што работа арганізацыі ў многім залежыць ад зладжанасці і згуртаванасці ў калектыве.

– Ну, вядома. На сёння ў нас працуюць 76 чалавек, і кожнага я цаню, кожнаму давяраю. Калектыў у нас дружны, работнікі адказныя, таму стараемся за добрасумленную працу іх заахвочваць і ўзнагароджваць. Таксама пастаянна паляпшаем умовы працы сваіх работнікаў, матэрыяльна-тэхнічную базу. Так, сёлета былі адрамантаваны пяць матэрыяльных складаў, шэсць боксаў для захоўвання аўтамабіляў.

Нягледзячы на сёлетнюю няпростую эпідэмічную сітуацыю,  наша арганізацыя работу не спыняе. Шмат увагі мы надаём бяспецы сваіх работнікаў, клапоцімся, каб кожны карыстаўся па меры неабходнасці сродкамі аховы.

Спадзяюся, што і ў далейшым Дзятлаўскі раён газазабеспячэння будзе прыкладаць усе намаганні, каб плённа працаваць і прыносіць карысць людзям і краіне.

Святлана ГРЫШЫНА

Вольга ЮШКЕВІЧ