Настаўніца на ўсё жыццё

Важнае Грамадства

2 жніўня свой юбілейны дзень нараджэння адзначае Валянціна Браніславаўна Лейтар

Яе малая радзіма – вёска Засецце Дзятлаўскага раёна. Тут у пачатковай школе дзяўчынка вызначылася з выбарам будучай прафесіі. Калі яе першая настаўніца Соф’я Яфімаўна Лянко некалькі разоў давярала ёй правесці ўрокі з класам, для яе гэта была лепшая адзнака. Як яна радавалася гэтаму! Бацькі падтрымалі рашэнне стаць настаўніцай, бо ў сям’і яшчэ не было педагогаў. Пасля васьмі класаў дзяўчына паступіла ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча, потым завочна скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы па спецыяльнасці “Выкладчык рускай і беларускай моваў і літаратуры”.

Сваю доўгую педагагічную дзейнасць Валянціна Браніславаўна пачала выхавальніцай у дзіцячым садзе ў горадзе Днепрапятроўску ва Украіне. Пасля працавала толькі ў родным Дзятлаве: старшай піянерважатай у СШ № 2, настаўніцай пачатковых класаў і выхавальніцай групы падоўжанага дня ў СШ № 1, арганізатарам выхаваўчай работы, настаўніцай пачатковых класаў і рускай мовы і літаратуры ў СШ № 3. Валянціна Браніславаўна вельмі любіла сваю работу і сцвярджае, што, нават калі знаходзілася ў чарговым адпачынку, хацела хутчэй вярнуцца ў школу.

З падзякай і цеплынёй успамінае сваіх калегаў: Яўгенію Рыгораўну Савань, Марыю Уладзіміраўну Сташэнка, Валянціну Канстанцінаўну Кушаль, Наталлю Канстанцінаўну Шырко і многіх іншых. Іх дапамога, парады заўсёды былі вельмі патрэбныя ў працы.

У яе было дзесяць выпускаў з пачатковай школы. Раней класы былі вялікімі – па 36-38 чалавек. І тым не менш, удавалася паспець усё: прыняць удзел у алімпіядах, конкурсах, спартыўных мерапрыемствах, пісаць артыкулы ў раённую газету, хадзіць у паходы, ездзіць на экскурсіі. Валянціна Браніславаўна лічыць, што самыя цікавыя, мэтанакіраваныя, незвычайныя, вясёлыя, спартыўныя, музычныя – гэта дзеці з яе класаў. Прыемна сустракацца са сваімі былымі вучнямі, якія цяпер ужо самі бацькі і нават бабулі і дзядулі.

З цікавасцю ўспамінае настаўніца школьную самадзейнасць, выступленні на аглядах і святах, памяць захавалася ў старых фотаздымках. У Валянціны Браніславаўны шмат розных узнагарод: аддзела адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Дзятлаўскага райвыканкама; Гродзенскага абласнога камітэта работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў; Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, мноства іншых.

Сёння Валянціна Браніславаўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, аднак былыя калегі па працы яе помняць і заўжды рады сустрэчы. Педагагічны калектыў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава зычыць ёй моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, бадзёрасці духу, дабрабыту.

 Святлана Генадзьеўна Драгунская:

– Мяне заўжды ўражвае, наколькі Валянціна Браніславаўна энергічны, ветлівы, адкрыты і шчыры чалавек. Яна была маёй першай настаўніцай шмат гадоў таму, а пасля мы сталі ўжо калегамі. Працуючы разам з Валянцінай Браніславаўнай, я зразумела, што менавіта пра такіх людзей, як яна, гавораць: “Яны працуюць з агеньчыкам”. На ўсё ў яе хапала сіл, ведаў, творчасці, цярпення. Ведаю, што гэта крыніца энергіі не думае згасаць у Валянціны Браніславаўны і цяпер, нягледзячы ні на якія выпрабаванні лёсу.

Дачка Наталля:

– Кожны чалавек пагодзіцца са мной, што мама – самы дарагі і родны чалавек. Яна дала мне жыццё, навучыла жыць, перажывала і клапацілася пра мой лёс. Я вельмі ўдзячная маме за гэта. Яна для мяне з’яўляецца ўзорам цярпення і вынослівасці. Мама ніколі не папракае, дапамагае справіцца з праблемамі.

Унукі Дзмітрый і Уладзіслаў:

– Бабуля для нас – гэта чалавек, заўсёды поўны ўвагі і клопату. Яна столькі аддае сіл і энергіі, каб ганарыцца намі ў будучыні. Мы хочам бачыць нашу любімую бабулю здаровай, бадзёрай і заўсёды маладой.

Святлана УРБАН,
настаўніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup