Сухіх рукавоў! Гэта традыцыйнае пажаданне пажарным-ратаўнікам: каб не здарылася бяда!
Яго шчыра і шчодра адрасавалі гэтымі днямі працаўнікам пажарнай службы раёна. А нагода важкая – прафесійнае свята. Заўтра, 25 ліпеня, яго адзначаюць тыя смелыя, мужныя, моцныя духам людзі, якія прыходзяць на дапамогу ў надзвычайных сітуацыях.
Напярэдадні адбыліся мерапрыемствы-ўшанаванні, на якіх уручаны ўзнагароды, агучаны загады аб прысваенні чарговых званняў, павышэннях па службе, а моладзь прыняла прысягу вернасці справе ратаўніка.
Так, 23 ліпеня стала адметным днём для двух маладых ратаўнікоў, якія нядаўна прыняты на пажарную службу, – Сяргея Кардаша і Дзяніса Скрундзя. Адбылося ўрачыстае прыняцце прысягі каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам, што ў цэнтры Дзятлава. Павіншавалі новае папаўненне начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык і яго намеснік Аляксандр Беленка. Прысутныя ўшанавалі памяць загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў хвілінай маўчання і ўсклалі вянок да помніка.
24 ліпеня віншаванні прымала старэйшае пакаленне ратаўнікоў. Урачыстае ўручэнне ўзнагарод за шматгадовую, бездакорную службу ў шэрагах ратаўнікоў адбывалася на пляцоўцы каля раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
Так, Падзячнымі пісьмамі старшыні Дзятлаўскага райвыканкама за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў і з нагоды прафесійнага свята адзначаны камандзіры аддзяленняў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Уладзімір Грамадскі і Дзяніс Русін. Іх уручыў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Юрый Залеўскі.
– Ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, ад сябе асабіста, як старшыні камісіі па ліквідацыі надзвычайных сітуацый, віншую ратаўнікоў, ветэранаў пажарнай службы з прафесійным святам! – звярнуўся да прысутных Юрый Пятровіч. – Жадаю сямейнага дабрабыту, удачы, і каб огонь даводзілася найчасцей бачыць толькі ў каміне.
Граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзначана шматгадовая бездакорная служба камандзіра аддзялення ПАВЧ № 1 Ігара Чайкоўскага. Нагрудны знак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь “Выдатнік” уручаны камандзіру аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 Аляксандру Трайнялю.
За вялікі асабісты ўклад у барацьбу з пажарамі і намаганні па папярэджанні надзвычайных сітуацый група ратаўнікоў напярэдадні прафесійнага свята адзначана памятным нагрудным знакам “165 год пажарнай службе”. Гэта Сяргей Новік, Аляксандр Трафімчык, Аляксандр Журскі, Дзмітрый Ляўкевіч, Дзмітрый Плюснін, Сяргей Мазоль.
Падчас урачыстасці граматамі Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС за дасягненне высокіх паказчыкаў і добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў адзначаны камандзір аддзялення ПАВП № 11 Валерый Ламака і вадзіцель ПАВП № 14 Юрый Гізоўскі.
Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык павіншаваў падначаленых з прысваеннем чарговых і датэрміновых спецыяльных званняў. Прафесійнае свята для гэтай прыемнай місіі – добрая нагода. Ён уручыў таксама грамату Беларускай арганізацыі ветэранаў пажарнай службы былому начальніку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргею Малышчыку. Памятныя сувеніры атрымалі былыя ратаўнікі, якія цяпер на заслужаным адпачынку.
Для працаўнікоў пажарнай службы артысты раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці падрыхтавалі канцэртную праграму. Яна прайшла пад сімвалічнай назвай “Віват, пажарныя Айчыны”. Свае музычныя і песенныя падарункі ратаўнікам уручылі Ганна Харлінская, Таццяна Шостка, Часлаў Свіб, Марына Шаўчук, Аксана Кашляк, Ірына Бакшук, Вольга Кузьма, Сяргей Малышчык, Вольга Іода, Вікторыя Кончык, Эльвіра Задзярэй. А ратаўнікі аддзячылі спявачак за святочны настрой ружамі.
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup