Андрэй Садоўскі: “Наш бюджэт сацыяльна арыентаваны”

Свежыя навіны Улада

30 ліпеня сустрэчу з прадстаўнікамі працоўных калектываў установаў і арганізацый горада, якая праходзіла ў памяшканні Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, правёў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Падчас сустрэчы Андрэй Уладзіміравіч падрабязна спыніўся на пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна. Ён засяродзіў увагу на  рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, экспарце нашай прадукцыі і аказанні паслугаў мясцовымі санаторыямі, занятасці насельніцтва, замацаванні маладых спецыялістаў на прадпрыемствах і ва ўстановах, развіцці адукацыі, медыцыны, гандлю на Дзятлаўшчыне, паведаміў, колькі сродкаў укладзена ў кожную галіну.

Таксама падрабязна спыніўся прамоўца на зробленым на працягу апошняй пяцігодкі ў будаўніцтве, добраўпарадкаванні, якім займаўся РУП ЖКГ.

За перыяд з 2015 па 2020 год у горадзе Дзятлаве быў выкананы капітальны рамонт жылых дамоў па вуліцах: Навагрудская, 8;  Чапаева, 23; Чырвонаармейская, 16;  Камсамольская,18;  Кастрычніцкая, 28; Савецкая, 18 і 20; Перамогі, 24. Выдаткавана фінансавых сродкаў на капітальны рамонт  каля 1 598 860 рублёў. Праведзены капітальны рамонт сетак халоднага водаправода і каналізацыі па вуліцах  Фогеля і Дварчаніна з асфальтаваннем дарожнага пакрыцця. Выканана рэканструкцыя цэнтральнай кацельні па вуліцы Навагрудскай. Добраўпарадкаваны дваровыя тэрыторыі жылых дамоў па вуліцы Навагрудскай. Зроблены бягучы рамонт будынка інтэрната па вуліцах Савецкая, 5 і Міцкевіча, 4а. Усяго за перыяд з 2015 па 2020 год на аб’екты ў Дзятлаве затрачана  каля 1 603 798 рублёў.

– Наш бюджэт сацыяльна арыентаваны, падрахункаваў кіраўнік раёна.

Вялікую цікавасць у прысутных выклікала інфармацыя аб тым, што мяркуецца пабудаваць бліжэйшым часам у нашым рэгіёне.

Старшыня райвыканкама паведаміў, што Дзятлаўшчына ўключана ў рэспубліканскую праграму “Вёска будучыні”, і паводле яе будуць выдаткаваны сродкі на добраўпарадкаванне гарпасёлка Наваельня. Цяпер ідзе актыўнае добраўпарадкаванне Казлоўшчыны. Таксама паводле праграмы рэканструкцыі жылля плануецца кожны год рамантаваць па адным-два дамы ў горадзе ці пасёлках. У планах –  будаўніцтва дзевяціпавярховага жылога дома на 72 кватэры ў Дзятлаве, добраўпарадкаванне тэрыторыі мікрараёна вуліцы Перамогі ў райцэнтры.

Напрыканцы сустрэчы старшыня райвыканкама падзякаваў прысутным за той уклад у развіццё нашага рэгіёна, які ўносіць кожны на сваім працоўным месцы.

Прысутныя мелі магчымасць задаць пытанні, звярнуцца да старшыні райвыканкама з просьбамі аб садзейнічанні ў вырашэнні надзённых праблем. Так, у прыватнай размове жыхар горада Дзятлава ўзняў праблему ачысных збудаванняў.

Ірына СКРУНДЗЬ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: