9 ліпеня – Дзень вызвалення Дзятлава. Квітней пад мірным небам, горад наш

Важнае Грамадства

На досвітку 9 ліпеня 1944 года ў ходзе наступальнай аперацыі “Баграціён” часці 3-й арміі 2-га Беларускага фронту разгарнулі наступленне на Дзятлава.

На подступах да гарадскога пасёлка гітлераўцы аказалі ім моцнае супраціўленне. Тым не менш, ужо да 11 гадзін раніцы воіны 283-й Гомельскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі ордэна Суворава на чале з палкоўнікам Васілём Канавалавым прарвалі абарону ворага і авалодалі гарадскім пасёлкам.

З той пары пачаўся адлік мірнага жыцця нашых землякоў. Мінула 76 гадоў. Мяняюцца пакаленні, падрастаюць унукі і праўнукі вызваліцеляў, але не згасае памяць пра іх подзвігі. Сімвалічна, што сёлета праграму святочных мерапрыемстваў да Дня вызвалення горада пачала экскурсія “Дзятлава. Гады выпрабавання і мужнасці”, якую работнікі раённай бібліятэкі падрыхтавалі для самых юных дзятлаўчан – выхаванцаў ясляў-сада № 1 горада Дзятлава. У час сустрэчы дзеці даведаліся аб значэнні свята, з дапамогай відэапрэзентацыі пазнаёміліся з землякамі-ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і іх подзвігамі, змаглі пагартаць старонкі тэматычнай літаратуры, сабранай бібліятэкарамі на кніжных выставах “Аб тых, хто выстаяў і перамог”, “У сэрцах і кнігах – памяць пра вайну”.

– Вайна – гэта страшна, у вайну забівалі і палілі дзяцей і дарослых, – зрабілі выснову юныя наведвальніцы экскурсіі Даша Кульчыцкая і Аня Матчанава, паслухаўшы верш Мусы Джаліля “Варварства”. Пра вайну дзяўчынкі ведаюць ад сваіх бацькоў і выхавальнікаў садка, а сёння даведаліся яшчэ і аб значнасці даты 9 ліпеня для роднага горада.

– Гэта дзень, калі немцаў прагналі з Дзятлава, – кажуць дзяўчынкі і спяшаюцца ў фотазону, каб сфатаграфавацца з сябрамі на памяць аб мерапрыемстве. Сёння будзе што расказаць дома.

У дзень вызвалення Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей запрасіў выхаванцаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава на святочна-пазнавальную экскурсію “Подзвігі слаўныя вашы, землякі”. Дзеці пазнаёміліся з тэматычнай міні-выставай зброі і рэчаў паўсядзённага ўжытку ваенных часоў.

Дашкольнікі разам з экскурсаводам, старшым навуковым супрацоўнікам музея Аленай Абрамчык прайшлі па музейных залах, дзе даведаліся, як іх прадзеды вызвалялі Дзятлаўшчыну. Алена Рыгораўна патлумачыла гасцям музея, што 9 ліпеня – урачысты дзень для ўсіх дзятлаўчан, дарослых і маленькіх.

Супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея падрыхтавалі для дзяцей фотазону, дзе кожны з іх змог прымерыць на сябе салдацкую пілотку і паспрабаваць напісаць ліст у мінулае са словамі ўздзячнасці за мірнае неба. Адна з выхаванак дашкольнай навучальнай установы Віка Саўрас паразважала, што б яна напісала вызваліцелю Дзятлаўшчыны:

– Дарагі савецкі салдат! Дзякуй табе за тое, што не пашкадаваў свайго жыцця, каб вызваліць нашу Радзіму ад ворагаў! Мы, дзеці, рады, што жывём пад мірным небам. Мы абяцаем табе, вызваліцель, што будзем добра вучыцца, слухаць парады старэйшых і ніколі не забудзем вялікае свята – Дзень Перамогі.

Да дзяцей у дзень свята далучылася моладзь: на вуліцы райцэнтра выйшлі актывісты раённых арганізацый ГА “БРСМ” і ГА “БРПА” – удзельнікі акцыі “Дзякуй абаронцам Дзятлава”. Яны нагадвалі жыхарам і гасцям горада пра значэнне даты 9 ліпеня і раздавалі магніцікі з выявамі Дзятлава. А ў арганізацыях горада, дзе ёсць тэлеэкраны, трансліраваўся відэаролік “Дарогамі Перамогі – вызваленне Дзятлава”.

Дзень закрыцця змены летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава прыпаў на 9 ліпеня. З гэтай нагоды наведвальнікаў летніка запрасілі на музейны ўрок “Мы гэтай памяці верныя”, дзе школьнікі даведаліся шмат цікавых фактаў з ваеннай гісторыі і змаглі падзяліцца ўражаннямі аб сустрэчы.

Піянеры Хвінявіцкай сярэдняй школы прынялі ўдзел у акцыі «Дарогай дабрыні». Ля помніка загінулым воінам-землякам яны ўсклалі кветкі.

Да Дня вызвалення горада Дзятлава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у аздараўленчым лагеры «Умка» пры Гезгалаўскай сярэдняй школе прайшоў арт-моб «Крышкі-наша фішка».

 

Ірына СТЫРНІК   
Наталля АВЯРЧУК
Марыя ПАПОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup