Зрабіць свой уклад у развіццё Дзятлаўшчыны

Важнае Улада

26 чэрвеня з калектывам Дзятлаўскай раённай бібліятэкі сустрэўся намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч.

Ігар Станіслававіч расказаў, як развіваліся галіны эканомікі Дзятлаўшчыны ў апошнюю пяцігодку, якіх вынікаў дасягнулі працоўныя калектывы гаспадарак, прадпрыемстваў, арганізацый нашага раёна. Цікава работнікам бібліятэкі было паслухаць аб развіцці сацыяльнай сферы, паколькі свой унёсак у агульныя лічбы і паказчыкі робяць і яны.

Дырэктар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка расказала, што ў склад іх установы на 1 чэрвеня 2020 года ўваходзяць адна раённая, дзве гарпасялковыя, дзевяць сельскіх бібліятэк. У бібліятэчнай сістэме прайшла аптымізацыя сеткі, але на якасць абслугоўвання не паўплывала, бо да вясковых чытачоў выязджае бібліобус. Штогод папаўняецца фонд бібліятэкі: за пяць няпоўных гадоў у ім з’явіліся 31 311 экзэмпляраў літаратуры і перыёдыкі на суму амаль 230 тысяч рублёў. За гэты час даходы ўстановы ад пазабюджэтнай дзейнасці склалі звыш 63 тысяч рублёў, частка з іх (4723 рублі) была патрачана на набыццё 570 новых кніг. Усе бібліятэкі раёна камп’ютарызаваны, падключаны да інтэрнэту, маюць электронную пошту. У Дзятлаўскай раённай бібліятэкі ёсць свой сайт, ютуб-канал, выхад у сацыяльныя сеткі. Матэрыяльна-тэхнічную базу папаоўніла камп’ютарная тэхніка, выкананы рамонт Жукоўшчынскай, Дзятлаўскай раённай бібліятэк, адрамантаваны фасад будынка ў Войневічах, сёлета рамонтныя работы ажыццяўляюцца ў Казлоўшчынскай бібліятэцы, у планах – Вензавецкая, для чытальнай залы і абанемента ў Дзятлаве набыта новая мэбля. Установа актыўна удзельнічае ў рэспубліканскіх і абласных конкурсах. У 2018 годзе Дзятлаўская раённая бібліятэка перамагла ў абласным конкурсе “Бібліятэка года”. У 2018-2019 гадах у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” другія месцы з прызавым фондам 40 базавых велічыняў занялі Жукоўшчынская і Раклевіцкая бібліятэкі. Летась свой фонд праваслаўнай літаратурай за кошт перамогі ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання” папоўніла Казлоўшчынская бібліятэка. Наперадзе шмат новых планаў, скіраваных на тое, каб наведваць бібліятэку было модна і прэстыжна.

Напрыканцы сустрэчы Ігар Кухарэвіч адказаў на пытанні работнікаў. У яго цікавіліся, калі завершыцца рамонт Вензавецкага дома культуры, дзе ў Дзятлаве з’явіцца новае арэнднае жыллё, калі Казлоўшчынская бібліятэка пераедзе ў іншы будынак.

Таксама ў гэты дзень адбылася сустрэча намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Жыдко з працоўным калектывам Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup