Рэспубліка Беларусь: упэўненым крокам па шляху незалежнасці

Важнае Улада

18 чэрвеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання па тэмах: “Рэспубліка Беларусь: упэўненым крокам па шляху незалежнасці”; “Сацыяльна-эканамічнае развіццё Гродзенскай вобласці за 2015-2020 гады ў лічбах і фактах: Дзятлаўскі раён”; “Прафілактыка дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх”;  “Прафілактыка злачынстваў, звязаных з неправамерным завалоданнем рэквізітамі пластыкавых  банкаўскіх картак і крадзяжом сродкаў з карт-рахункаў грамадзян, а таксама ў сферы высокіх тэхналогій”; “Уплыў п’янства і алкагалізму на здароўе насельніцтва”.

У раёне працавалі некалькі інфармацыйных груп.

Раённая інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама Андрэем Садоўскім працавала на тэрыторыі Новаяльнянскага сельсавета, дзе правяла сустрэчу з калектывам работнікаў Новаяльнянскай сярэдняй школы.

У гімназіі № 1 горада Дзятлава працавала інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ігарам Кухарэвічам.

У ходзе выступленняў прадстаўнікі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп адзначылі, што за чвэрць стагоддзя Беларусь дасягнула многага. Была прынятая Канстытуцыя краіны – аснова беларускай дзяржаўнасці, уведзены інстытут прэзідэнцтва як гарант міру, стабільнасці і бяспекі, выбудавана выразная і зладжаная сістэма органаў дзяржаўнай улады. За гэтыя гады наша краіна ўмацавалася як суверэнная і незалежная дзяржава, якая ўпэўнена ідзе ўласным шляхам развіцця.

Рэспубліка Беларусь сёння – гэта краіна, якую паважаюць, з якой лічацца і ў якой галоўны прыярытэт – чалавек. Аб гэтым красамоўна сведчаць лічбы.

У 2019 годзе ў параўнанні з 1994 годам намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата, а таксама сярэдняя сума прызначаных пенсій павялічыліся ў 25 разоў. Так, у 1994 годзе намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата складала 21,1 долара ЗША, у 2019 годзе – ужо 523,2 долара ЗША. Памер пенсій – 8,2 долара ЗША і 205 долараў ЗША адпаведна.

З 38,4 % да 5 % знізіўся ўзровень малазабяспечанасці насельніцтва.

Узровень афіцыйна зарэгістраванага беспрацоўя знізіўся з 2,1 % у 1994 годзе да 0,2 % у 2019 годзе.

У 1994 годзе на 10 000 чалавек насельніцтва колькасць доктароў складала 41,8, у 2019 годзе – 59,1; колькасць сярэдніх медыцынскіх работнікаў – 117,0 і 134,4 адпаведна.

У 2019 годзе ахоп дзяцей установамі дашкольнай адукацыі складаў 83,6 % ад колькасці дзяцей ва ўзросце 1-5 гадоў (у 1994 годзе – 51,9 %). Колькасць студэнтаў і магістрантаў за чвэрць стагоддзя павялічылася са 184 чалавек да 290 чалавек на 10 000 чалавек насельніцтва.

Увод у эксплуатацыю жылых дамоў  павялічыўся практычна на 20 %.

Колькасць аб’ектаў рознічнага гандлю за 1994-2019 гады павялічылася больш чым у два разы.

Экспарт тавараў за чвэрць стагоддзя павялічыўся ў 13 разоў, сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання (за перыяд з 2000 па 2019 год) – у 10 разоў, паслуг (за перыяд з 2005 па 2019 год) – у 4 разы.

Значна палепшыліся ўмовы вядзення бізнесу ў краіне. Калі ў 2006 годзе Беларусь займала 106-е месца (з 155 краін) у рэйтынгу краін па ступені спрыяльнасці ўмоваў для вядзення бізнесу Сусветнага банка, то ў 2019 годзе – ужо 49-е месца (з 190 краін).

Стабільнасць у харчовай сферы – глабальная праблема сусветнай супольнасці. Яна вызначае прыярытэты нацыянальнай палітыкі ўсіх без выключэння дзяржаваў свету. Невыпадкова стаўка на развіты аграрны сектар, як на адзін з прыярытэтаў развіцця Беларусі, была зроблена яшчэ на пачатку нашай незалежнасці.

Харчовая бяспека ў Рэспубліцы Беларусь дасягнута: краіна практычна поўнасцю забяспечвае свае патрэбы ў прадуктах харчавання – імпарт складае менш за 10 % усяго аб’ёму спажывання.

Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельніцтва ў рэспубліцы адпавядае ўзроўню развітых краін і па многіх пазіцыях (вытворчасць бульбы, буракоў цукровых, мяса, малака) перавышае паказчыкі, дасягнутыя ў краінах СНД.

Прыярытэтнымі напрамкамі развіцця АПК на 2021-2025 гады з’яўляюцца развіццё канкурэнтаздольнай і экалагічна бяспечнай сельскай гаспадаркі, зарыентаванай на ўмацаванне харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь, забеспячэнне паўнавартаснага харчавання і здаровага ладу жыцця насельніцтва, захаванне і развіццё сельскай мясцовасці.

Сёння пераважная большасць грамадзян краіны (каля 85 %), ацэньваючы ўзровень асабістай бяспекі, лічаць, што адчуваюць сябе ў бяспецы, знаходзячыся на вуліцы і ў грамадскіх месцах.

На працягу апошніх гадоў у Беларусі захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя па зніжэнні ўзроўню злачыннасці.

Рэспубліка Беларусь па версіі сэрвіса Numbeoу рэйтынгу краін з найменшым узроўнем злачыннасці і найбольш высокім узроўнем бяспекі заняла 16-е месца сярод 128 дзяржаваў.

Безумоўна, дасягнута шмат. І яшчэ больш трэба будзе дасягнуць. Але першачарговая задача сёння, калі ўвесь свет сутыкнуўся з наступствамі складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, — не згубіць тое, што намі заваявана за чвэрць стагоддзя незалежнасці.

У час сустрэчы размова ішла аб прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх. На гэтым спыніўся ў сваім выступленні намеснік пракурора раёна Аляксандр Юркевіч.

Так, у 2019 годзе ў дарожна-транспартных здарэннях пацярпелі 64 непаўналетнія, з іх 3 – загінулі. Факты гібелі дзяцей у ДТЗ зарэгістраваны ў Гродзенскім, Зэльвенскім і Слонімскім раёнах.

Пэўная ўвага была нададзена пытанням прафілактыкі злачынстваў, звязаных з неправамерным завалоданнем рэквізітамі пластыкавых банкаўскіх карт і крадзяжом сродкаў з карт-рахункаў грамадзян, а таксама ў сферы высокіх тэхналогій.

На працягу апошніх гадоў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, і Дзятлаўскага раёна ў тым ліку, назіраецца тэндэнцыя істотнага росту злачыннасці ў сферы высокіх тэхналогій, зазначыў падчас выступлення начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Мікалай Бародзіч. Так, калі ў 2018 годзе следчымі падраздзяленнямі Гродзенскай вобласці былі распачаты 666 крымінальных спраў у сферы высокіх тэхналогій, з якіх 382 справы аб крадзяжах, учыненых шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, то ўжо ў 2019 годзе іх колькасць вырасла практычна ўдвая –  да 1311. Па выніках 4 месяцаў бягучага года ўзбуджаны 334 крымінальныя справы.

Аналіз крымінальных справаў паказвае, што ў апошні час больш шырокае распаўсюджванне атрымалі злачынствы, звязаныя з выкарыстаннем сацыяльных сетак.

Праблемы п’янства і алкагалізму не менш актуальныя для сучаснага грамадства. На гэтым засяродзіў увагу галоўны доктар ЦРБ Алег Анцух. Злоўжыванне алкаголем нясе ў сабе негатыўныя наступствы: страта працы, страта сям’і, матэрыяльная неўладкаванасць, пазыковая нагрузка, зніжэнне якасці жыцця, павелічэнне выпадкаў анкалагічных, інфекцыйных і хранічных захворванняў, дэпрэсіўны стан і, як вынік, зніжэнне агульнай працягласці жыцця.

Іна Ванчук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 горада Дзятлава:

– У 2020 годзе ў гімназіі рэалізаваны міжнародны праект па рэканструкцыі экспазіцый музея “Гісторыя культуры народаў Дзятлаўшчыны” ў цесным супрацоўніцтве з фондам “Воспоминание Литвакс” (ЗША, штат Верджыния) у асобе Филипа Шапиры. Сумесна з Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі ў выніку рэалізацыі праекта “Гісторыя. Памяць. Будучыня” створаны аднайменны сайт да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Пераможцамі другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сталі 20 гімназістаў, сем з іх – прынялі ўдзел у трэцім этапе. Скарбонку дасягненняў навучэнцаў у конкурсах рознага ўзроўню папоўнілі 28 дыпломаў. Высокіх вынікаў дасягнулі педагогі: Наталля Клімец адзначана дыпломам першай ступені за ўдзел у абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”; дыплом першай ступені на абласным і другой – на рэспубліканскім этапах конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” заваявалі Святлана Кетка і Валянціна Багдановіч; уладальніцай дыплома другой ступені за абласны конкурс прадметных кабінетаў беларускай мовы і літаратуры стала Аксана Ванчук. Сярэдні бал гімназістаў па выніках навучальнага года – 8,3; тры выпускнікі ўзнагароджаны залатымі медалямі

Ганна СКРУНДЗЬ
Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ і Ірыны СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: