“Разам з бацькамі”: дадаём фарбаў дзяцінству

Галоўнае Грамадства

Гродзенская абласная арганізацыя ГА “БРСМ” стала ініцыятарам новага моладзевага праекта “Разам з бацькамі”.

Ён скіраваны на добраўпарадкаванне дзіцячых дваровых пляцовак сіламі бацькоў, іх дзяцей, валанцёраў руху БРСМ “Добрае Сэрца”, работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Цікавую задумку гродзенцаў падтрымалі на рэспубліканскім узроўні.

Стартаваў праект 1 чэрвеня з нагоды Дня абароны дзяцей і Сусветнага дня бацькоў. Да яго рэалізацыі актыўна далучылася моладзь Дзятлаўшчыны.

Нашы землякі працавалі на дзіцячай пляцоўцы ў мікрараёне вуліцы Навагрудскай, дзе жыве найбольшая колькасць маладых сем’яў з дзецьмі. Зразумела, што вольны час малеча любіць бавіць у дварах. На пачатку летніх канікулаў работнікі Дзятлаўскага РУП ЖКГ актыўна аднаўляюць тут дзіцячыя пляцоўкі, на гэты раз ім дапамагалі яшчэ і ўдзельнікі моладзевага праекта “Разам з бацькамі”.

На першую працоўную акцыю выйшлі валанцёры БРСМ “Добрае Сэрца” Таццяна Пазняк, Анастасія Цярэшка, Наталля Маркава на чале з першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык.

– Сімвалічна, што наш праект стартуе ў Дзень абароны дзяцей, – зазначыла моладзевы лідар раёна. – Як дарослыя, мы павінны паклапаціцца аб падрастаючым пакаленні, зрабіць дзіцячы свет больш прывабным. Летам у прыроды нямала яркіх фарбаў, а мы іх шчодра дададзім: пафарбуем у розныя колеры абсталяванне на дзіцячых пляцоўках. Моладзевы праект нездарма носіць назву “Разам з бацькамі”. Яго ўдзельнікі-дарослыя разумеюць усю адказнасць за будучыню дзяцей, і сваім прыкладам паказваюць падрастаючаму пакаленню, што ў свеце ёсць такія цудоўныя паняцці, як любоў, клопат, прыгажосць. Калі маленькі чалавек адчуе гэта і захавае ў душы, то абавязкова ў далейшым перадасць усё лепшае сваім дзецям. Валанцёры БРСМ невыпадкова выбралі мікрараён вуліцы Навагрудскай: ён дастаткова новы, тут у дварах шмат дзятвы. Пастараемся стварыць прыгажосць для юных дзятлаўчан, каб яны ёю любаваліся, шанавалі яе, раслі добрымі людзьмі.

У час работы карэспандэнтка газеты пацікавілася ў валанцёраў, чаму яны далучыліся да праекта “Разам з бацькамі”, папрасіла ўзгадаць уласнае дзяцінства, любімыя гульні і паразважаць аб карысці добрых справаў.

Таццяна Пазняк:

– Адгукнулася на запрашэнне, бо ў мяне самой падрастае сын, з якім любім гуляць на дзіцячай пляцоўцы. Я таксама вырасла ў адным з двароў вуліцы Навагрудскай, праўда, у нас было значна менш абсталявання на пляцоўцы. Таму найчасцей дзятву вабіла зялёная зона і мясцовы ручай, каля якога мы збіралі кветкі, любілі пагрэцца на сонейку. Сярод самых папулярных гульняў тады былі “Фарбы” і “Алмаз”. Сёння за работай прыемна гэта ўзгадваць, а ўвечары абавязкова раскажу сыну, чым займалася, калі-небудзь прывяду яго на пляцоўку паказаць вынікі работы. Я стараюся вучыць дзіця беражлівым адносінам да прыроды, да чужой працы. Сама з задавальненнем далучаюся да карысных справаў, бо працую настаўніцай, з’яўляюся педагогам-арганізатарам і старшай піянерважатай сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, а таксама валанцёрам раённай арганізацыі ГА “БРСМ”. Імкнуся на ўласным прыкладзе і вучням, і сыну паказваць, як карысна і прыемна ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне роднага горада.

Анастасія Цярэшка:

– Далучылася да праекта, бо рабіць горад прыгажэйшым – добрая справа, прыемная і для дзяцей, і для дарослых. Родам я з Карэліцкага раёна. Калі была падлеткам, мы з сябрамі любілі гуляць разам, асабліва на школьным стадыёне, дзе таксама была абсталявана дзіцячая пляцоўка з арэлямі. Нашай любімай гульнёй былі “Казакі-разбойнікі”. Сёння ў мяне ёсць выдатная магчымасць падарыць крыху радасці сучаснай малечы, тым больш, што ў суседнім доме жыве мой пляменнік. З ім пазней прыйдзем гуляць на адноўленую пляцоўку. Я ніколі не стаю ў баку, калі заклікаюць паўдзельнічаць у добрых справах, бо вельмі прыемна рабіць свой унёсак у развіццё горада.

Наталля Маркава:

– Як шматдзетная матуля, хачу зрабіць прыемнае іншым дзецям. З вопыту ведаю, як малеча любіць усё каляровае і яркае, з якім нецярпеннем дзеткі будуць выглядваць з вокнаў і прасіцца на адноўленую пляцоўку, і пры першай магчымасці з задавальненнем пагойдаюцца на арэлях. Дарослыя ж выдатна ведаюць, што фарба падаўжае тэрмін службы гульнявога абсталявання, таму карысць ад сённяшняй справы двайная.

Я гадавалася ў вёсцы, куды на лета прыязджала шмат дзяцей, “умоўным” месцам збору для нас служыў адзін з вясковых падворкаў, а гулялі па-рознаму: скакалі праз скакалку, малявалі, любілі хованкі, даганялкі. Сярод маіх сяброў пераважалі хлопчыкі, таму давялося і ў «вайну» пагуляць, а зімой усе разам беглі на каток. Мы ў свой час шмат былі на свежым паветры, цяпер гэту добрую звычку хочацца вярнуць падрастаючаму пакаленню, адарваць іх ад смартфонаў і камп’ютараў. На гэта і скіраваны яшчэ адзін праект БРСМ “А ў нас у двары”, які рэалізуецца сёлета, запрашае дзяцей і моладзь далучацца да дваровых гульняў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup