Новыя захапленні і сябры – у Цэнтры творчасці

Важнае Грамадства

Летнія канікулы для дзяцей – гэта тры месяцы вольнага часу, яркіх уражанняў, пазітыўных эмоцый, вясёлых кампаній.

А перад бацькамі хлопчыкаў і дзяўчынак паўстаюць традыцыйныя пытанні: як зрабіць адпачынак дзіцяці карысным і бяспечным, як аздаравіць сыноў і дачок, умацаваць іх сілы?

Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі маюць асаблівы рэсурс у арганізацыі летняй занятасці навучэнцаў.

За апошнія гады ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава выпрацаваны эфектыўныя летнія практыкі. Дзецям прапаноўваюць разнастайныя формы баўлення часу, кожны можа выбраць сабе занятак па інтарэсах, схільнасцях і здольнасцях.

Летам 2020 года ў Цэнтры творчасці можна наведваць аб’яднанні па інтарэсах, адпачываць на гульнявых пляцоўках, удзельнічаць у конкурсах і гульнях раённага, абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўняў. Выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя формы – ток-шоу, дыскусіі, дэбаты, форум-тэатры, флэш-мобы, гульні, майстар-класы.

Сёлетняя эпідэміялагічная сітуацыя патрабуе асаблівага падыходу да арганізацыі вольнага часу непаўналетніх. Для мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання вірусных інфекцый мы прапануем новыя формы ўзаемадзеяння з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Гэта дыстанцыйныя анлайн-конкурсы, удзел у аб’яднаннях па інтарэсах на аддаленай форме навучання.

Напрыклад, для выхаванцаў аздараўленчых летнікаў з дзённым знаходжаннем арганізаваны раённы экалагічны анлайн-чэлендж “ЭКА +”, які праходзіць з 15 чэрвеня. У рамках чэленджа прапануем навучэнцам штодзённыя анлайн-заданні. Яны раскрываюць творчы патэнцыял хлопчыкаў і дзяўчынак, вучаць экалагічнаму жыццю, дапамагаюць больш пазнаёміцца са светам флоры і фауны.

Безумоўна, поспех любой дзейнасці залежыць яшчэ і ад правільнай рэкламнай кампаніі. На афіцыйным сайце Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава кожны дзень абнаўляюцца анонсы і вынікі мерапрыемстваў.

Педагагічны калектыў Цэнтра запрашае юных жыхароў раёна далучацца на нашай летняй кампаніі. Мы абяцаем, што з намі вы зможаце выбраць карысную альтэрнатыву камп’ютарным гульням і пасіўнаму ладу жыцця, магчыма, вызначыцеся з будучай прафесіяй, пашырыце кола інтарэсаў і знаёмстваў.

Ірына ЛАГУН,
загадчыца аддзела эколага-біялагічнай работы ЦТДМ горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup