Эка-сад для дзяцей

Важнае Грамадства

Дашкольны ўзрост – спрыяльны перыяд экалагічнага і працоўнага выхавання дзіцяці.

У гэтым узросце назапашваюцца яркія, вобразныя, эмацыянальныя ўражанні, першыя прыродазнаўчыя ўяўленні, закладваецца падмурак правільнага стаўлення да навакольнага асяроддзя.

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава з удзелам педагагічных работнікаў, выхаванцаў і іх бацькоў ажыццяўляецца работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі.

Тут створаны 12 эка-станцый, якія дазваляюць дзецям атрымаць новыя ўяўленні аб аб’ектах жывой і нежывой прыроды, пра асаблівасці пасадкі і росту кветак, кустоў, дрэў, раслін агарода, лекавых раслін. Перш чым адправіцца на адну з эка-станцый, хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзяць эка-сумку з пазначэннем гэтай эка-станцыі і розным інфармацыйным, мастацкім і наглядным матэрыялам (ілюстрацыі, загадкі, вершы, прыказкі, гульні і іншае).

Для таго, каб работа была цікавая для дзяцей, педагагічныя работнікі ўвялі на кожнай эка-станцыі “гаспадара”, які там “жыве”, распавядае пра прыроду, з дапамогай дзяцей сочыць за парадкам, дае даручэнні, прапануе заданні.

Гаспадар эка-станцыі “Вітамінныя градкі” – слімак, на станцыі “Лекавыя расліны” – пчолка, на станцыі “Лісцёвыя дрэвы” – бусел, на станцыі “Эка-палянка” – вожык.

Пры выкананні працоўных даручэнняў дзеці адчуваюць важнасць свайго ўдзелу, неабходнасць падтрымліваць чысціню і парадак, пераконваюцца ў карысці калектыўнай работы. Іх працоўная дзейнасць ацэньваецца і заахвочваецца ад імя кожнага гаспадара эка-станцыі і гэта важна для асобаснага развіцця выхаванцаў.

Анастасія ДОБЫШ,
педагог сацыяльны ДЦРД № 2 г. Дзятлава