Дзень сям’і. Жыць з адкрытым сэрцам і душой

Важнае Грамадства

Сям’я – самае галоўнае ў жыцці для кожнага з нас, дзе мы вучымся адказнасці, клопату і павазе.

У аграгарадку Хвінявічы ёсць вялікая і дружная сям’я Аляксея Міхайлавіча і Ніны Васільеўны Сцепановічаў, якая з’яўляецца прыкладам для многіх. Яе па праву можна назваць моцнай, надзейнай, вернай. Іх пяцёра: тата, мама, два сыны і дачка.

Ніна Васільеўна – медыцынская сястра аддзялення хуткай неадкладнай дапамогі Дзятлаўскай ЦРБ, іерэй Аляксей Міхайлавіч – клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава.

Будучыя муж і жонка пазнаёміліся ў 2008 годзе ў вёсцы Жыровічы. Праз некаторы час маладая пара стварыла сям’ю. Спачатку жылі ў Мінскай вобласці ў вёсцы Смілавічы, а ў маі 2012 года па запрашэнні былога настаяцеля Барыса-Глебскага храма сям’я пераехала ў аграгарадок Хвінявічы.

Галоўны ў сям’і – тата. Да яго слоў усе прыслухоўваюцца, ведаюць, што ён заўсёды справядлівы. Матуля – захавальніца хатняга ачага. На яе плячах трымаецца ўвесь дом: ёй трэба прыгатаваць, накарміць, прыбраць, дапамагчы дзецям зрабіць урокі. Узаемадапамога, клопат пра кожнага, дабрыня ствараюць у сям’і цеплыню, утульнасць і дабрабыт.

Бязмежную ласку і пяшчоту з першых дзён жыцця дораць бацькі Ціхану, Серафіму і Іларыі. Ціхан – навучэнец 2 класа Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Ён дапытлівы, вясёлы, захапляецца музыкай і фізкультурай, добра вучыцца, радуецца сваім маленькім перамогам. Пяцігадовы Серафім і двухгадовая Іларыя – выхаванцы дзіцячага сада. З уласцівай іх узросту цікаўнасцю вывучаюць навакольны свет, вельмі дапытлівыя. Яны такія розныя, у кожнага свой характар. Іларыя вельмі артыстычная, любіць спяваць і танцаваць, Серафім – сур’ёзны, захапляецца робатамі і тэхнікай.

Кожная сям’я – гэта своеасаблівы свет, у якім пануюць свае традыцыі, ёсць свае духоўныя каштоўнасці. Усе члены сям’і Сцепановічаў адзначаюць разам дні нараджэння і каляндарныя святы. На Каляды кожны атрымлівае падарунак, на Вялікдзень – фарбуюць яйкі, пякуць кулічы, на Вербніцу – асвячаюць галінку вярбы. Бацькі імкнуцца далучыць дзяцей да дабра праз духоўнае выхаванне, наведваюць храм, захоўваюць неабходныя традыцыі і каноны.

У сям’і ёсць падсобная гаспадарка, таму даводзіцца шмат працаваць. Побач з домам – салідны агарод, з якога збіраюць выдатны ўраджай. З усімі справамі і цяжкасцямі сям’я спраўляецца, бо ўсе імкнуцца дапамагчы адзін аднаму.

Бацькі ўпэўнены, што іх дзеці вырастуць працавітымі, адказнымі, гатовымі заўсёды прыйсці на дапамогу, падтрымаць. Упэўнены і ў тым, што яны будуць любіць малую радзіму, паважаць не толькі сваю працу, але і працу іншых людзей.

Рэцэпт сямейнага шчасця сям’і Сцепановічаў: умець любіць, паважаць, а калі спатрэбіцца, то дараваць і абараняць адзін аднаго, разам працаваць і “трымацца адзін за аднаго”. А яшчэ – шанаваць простыя чалавечыя ўзаемаадносіны і ганарыцца сваёй сям’ёй. Жыць проста, з адкрытым сэрцам і душой.

Адміністрацыя і педагагічны калектыў Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы