Цырымоніі адкрыцця памятных аб’ектаў на Дзятлаўшчыне

Важнае Грамадства

Напярэдадні Дня Перамогі нашчадкі ўвекавечваюць памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны: цырымоніі адкрыцця памятных аб’ектаў на Дзятлаўшчыне працягваюцца.

У рамках шырокамаштабнага абласнога патрыятычнага праекта “Памяць. Адзінства. Перамога”, які рэалізуецца з нагоды святкавання 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у раёне праходзяць цырымоніі адкрыцця памятных аб’ектаў.

Чарговае ўрачыстае мерапрыемства адбылося 6 мая на тэрыторыі Парэцкага сельвыканкама.

Спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама, прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, раённага камітэта ГА “БРСМ”, раённага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, старшыня Парэцкага сельсавета наведалі вёскі Яблынька і Чырвоны Бор, і ўсталявалі на месцах гібелі ўдзельнікаў вайны памятныя шыльды, усклалі кветкі да памятных аб’ектаў, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць аб загінулых.

Экскурс па памятных месцах праводзіць старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык. Яна расказала, што ў час Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Яблынька ў няроўным баі з фашыстамі загінуў доктар партызанскага шпіталя, разведчык Маркус Шлема. Пацвярджэнне факту гібелі ваеннага доктара знаходзіцца ў Нацыянальным архіве нашай рэспублікі. Цяпер у памяці нашчадкаў застанецца і месца яго гібелі.

Яшчэ адным месцам ушанавання памяці стала вёска Чырвоны Бор.

– Тут знаходзіцца яшчэ адна старонка гісторычнага летапісу ваеннай Дзятлаўшчыны, – расказвае Алена Рыгораўна. – А дакладней, дарога, якая ў гады вайны вяла ў ваенны шпіталь Ленінскай партызанскай брыгады. Сам шпіталь знаходзіўся на востраве сярод балот Ліпічанскай пушчы і функцыянаваў са снежня 1942-га па ліпень 1944 гадоў. Начальнікам шпіталя ў тыя гады быў былы акружэнец Іван Калмыкоў.

Устанаўленнем дакладнага месцазнаходжання шпіталя даследчыкі ваеннай гісторыі зацікавіліся даўно, аднак знайсці яго ўдалося адносна нядаўна: летам-восенню 2019 года. Выязной экспедыцыі, у склад якой увайшлі вядучы спецыяліст ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Валянцін Абухаў, краязнаўца Міхаіл Лук’янчык, Фёдар Красюк і праўнук Іосіфа Філідовіча – Мікалай, пашанцавала: ім удалося адшукаць дакладнае месцазнаходжанне шпіталя. Рэхам памяці адгукнуліся і ледзь апазнавальныя аб’екты яго дзейнасці.

Акцыя па ўстанаўленні памятных знакаў на месцах гібелі ўдзельнкаў вайны працягваецца. 8 мая спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама, прадстаўнікі раённых грамадскіх аб’яднанняў прымуць удзел у цырымоніі адкрыцця памятнай шыльды па вуліцы Першамайскай у Дзятлаве, якая ўсталявана ў памяць аб месцы размяшчэння яўрэйскага гета.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: