Бяспечная перавозка небяспечных грузаў

Важнае Здарэнні і бяспека

З надыходам вяснова-летняга перыяду актывізаваліся сельскагаспадарчыя, будаўнічыя, рамонтныя работы, што звязана з павелічэннем расходу гаруча-змазачных матэрыялаў.

У сувязі з гэтым узрастае інтэнсіўнасць перавозкі аўтацыстэрнамі прадпрыемстваў дызельнага паліва і бензіну – лёгкаўзгаральных вадкасцяў, якія з’яўляюцца небяспечнымі грузамі.

У горадзе Дзятлаве і раёне 14 прадпрыемстваў маюць 21 зарэгістраваны ў Дзяржпрамнаглядзе транспартны сродак, прызначаны для іх перавозкі. Для забеспячэння бяспекі перавозкі небяспечных грузаў на гэтых прадпрыемствах павінны выконвацца арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, якія вызначаны заканадаўчымі і нарматыўнымі прававымі, тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі ў галіне перавозкі небяспечных грузаў. Асноўнымі мерапрыемствамі з’яўляюцца:

прызначэнне загадам кіраўніка прадпрыемства (наймальніка) спецыяліста, адказнага за пытанні бяспекі перавозкі небяспечных грузаў, і асобы, адказнай за бяспечнае правядзенне пагрузачна-разгрузачных работ, якія прайшлі падрыхтоўку ў навучальнай арганізацыі і маюць пасведчанне аб падрыхтоўцы спецыяліста ў галіне бяспекі перавозкі небяспечных грузаў;

выкананне дадзенымі спецыялістамі (асобамі) у поўным аб’ёме адпаведных абавязкаў;

допуск да работ, непасрэдна звязаных з перавозкай небяспечных грузаў, работнікаў, якія прайшлі ў адпаведнасці з патрабаваннямі навучанне, стажыроўку, інструктаж і праверку ведаў па пытаннях аховы працы, а таксама абавязковы медыцынскі агляд (вадзіцеляў, акрамя таго — якія прайшлі перадрэйсавы кантроль);

допуск да перавозкі небяспечных грузаў зарэгістраваных у падраздзяленні ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь і Дзяржпрамнаглядзе транспартных сродкаў пры наяўнасці дазволаў на іх допуск да ўдзелу ў дарожным руху,

пасведчанняў аб допуску транспартных сродкаў да перавозкі пэўных небяспечных грузаў;

наяўнасць і вядзенне дакументацыі вадзіцеляў, эксплуатацыйнай дакументацыі транспартных сродкаў;

своечасовае і поўнае правядзенне тэхнічнага абслугоўвання транспартных сродкаў, а таксама праверак (выпрабаванняў) цыстэрнаў і спецыяльнага абсталявання;

камплектацыя транспартных сродкаў сродкамі пажаратушэння, індывідуальнай абароны вадзіцеляў, аптэчкамі першай дапамогі, інструментам, прыладамі і іншым неабходным абсталяваннем;

утрыманне ў спраўным стане месцаў пагрузкі, разгрузкі і захоўвання небяспечных грузаў, выкананне патрабаванняў бяспекі пры запраўцы тэхнікі, у тым ліку ў палявых умовах і на будаўнічых аб’ектах.

Праведзеныя дзяржаўнымі інспектарамі Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду за мінулы перыяд гэтага года маніторынгі і агляды транспартных сродкаў паказалі, што на некаторых прадпрыемствах шэраг мерапрыемстваў выконваецца не ў поўнай меры. Былі выяўленыя парушэнні пры перавозцы нафтапрадуктаў аўтацыстэрнамі, якія належаць КСУП “Дварэц-Агра”, КСУП “Жукоўшчына”.

Варта таксама сказаць, што бяспека перавозкі небяспечных грузаў у значнай ступені залежыць ад тэхнічнага стану транспартных сродкаў, у прыватнасці, аўтацыстэрнаў, аснашчэння іх спецыяльным абсталяваннем, адпаведным сучасным патрабаванням. У сувязі з гэтым немалаважнае значэнне мае пытанне замены састарэлых транспартных сродкаў на новыя. У Дзятлаўскім раёне за мінулы перыяд 2020 года замены транспартных сродкаў на новыя не праводзілася.

Віталь РУДЗЯНОК,
вядучы дзяржаўны інспектар Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду