Знаёмцеся: браты Кастусікі (+відэа)

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Вячаслаў і Аляксандр Кастусікі працуюць на сяўбе ў КСУП “Дварэц-Агра”.  Яны сярод лепшых сейбітаў раёна.

— Талковыя і старанныя хлопцы, — сказаў пра іх Уладзімір Казак, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. – І на сяўбе сярод лідараў, і на жніве – сярод тысячнікаў.

Уладзімір Фёдаравіч ведае братоў Кастусікаў даўно. Як і іх бацьку – Вячаслава Вацлававіча, які таксама працуе ў гэтай гаспадарцы механізатарам. Сямейная дынастыя. Ад бацькі перадалася братам цяга да зямлі і тэхнікі.

Старэйшы з братоў – Аляксандр закончыў Лідскі індустрыяльны тэхнікум, потым Баранавіцкі ўніверсітэт. Па спецыяльнасці ён інжынер.

Меншы – Вячаслаў пасля Казлоўшчынскага вучылішча атрымаў спецыяльнасць агранома ў Навагрудскім аграрным каледжы.

Маючы адпаведныя веды і вясковы вопыт, браты Кастусікі выдатна разумеюць, наколькі важна цяпер найхутчэй захаваць вільгаць і адсеяцца. Увесь светлавы дзень яны ў полі. Вячаслаў заняты культывацыяй, а Аляксандр – сяўбой. Штодня на іх рахунку па 30-40 гектараў, а то і больш.

— Землі каля Кажухоўцаў, ва ўрочышчы “Пліты”, дзе цяпер працуюць Кастусікі, цяжкія, — расказаў Уладзімір Казак. – Некалі тут засявалі толькі ў маі, не маглі пусціць тэхніку. А сёлета, пасля бясснежнай зімы, і напачатку красавіка трэба спяшацца.Вось і даводзіцца механізатарам прыкладваць максімум намаганняў.

Сёлета ў КСУП “Дварэц-Агра” пад яравыя зерневыя і зернебабовыя адведзена 1200 гектараў. На 3 красавіка засеяна каля 40 працэнтаў да патрэбнага.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup