Моладзевыя праекты. “Свету – сад”: квітней наша краіна

Важнае Грамадства

На Гродзеншчыне праходзіць акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Свету – сад”, прымеркаваная да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і скіраваная на пасадку пладовых дрэваў.

30 красавіка да акцыі далучылася моладзь Дзятлаўшчыны: маладая вішнёвая алея высаджана ў двары Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Каб паўдзельнічаць у пасадцы дрэваў сюды накіравалася першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Актывістам пярвічкі ГА “БРСМ” Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы моладзевы лідар расказала, што акцыю “Свету – сад” плануецца зрабіць штогадовай. Яна будзе, як і сёлета, праходзіць напярэдадні 9 Мая. Пладовыя дрэвы, якія саджае моладзь, сімвалізуюць дабрабыт і мірнае жыццё нашай краіны. Яны нагадваюць аб цане подзвігу пакалення Вялікай Айчыннай вайны, якое здабыла для нас свабоду. Абавязак моладзі – ніколі не забываць пра гэта.

Вензавецкія школьнікі спорна ўзяліся за работу. Добраму настрою спрыяла сонечнае надвор’е, а па наваколлі, як яшчэ адзін напамін пра мір і вясну, разносіўся клёкат буслоў: іх гняздо знаходзіцца побач з будынкам школы. Навучэнцы справіліся з заданнем за лічаныя хвіліны. Напрыканцы моладзь і настаўнікі згадзіліся падзяліцца ўражаннямі ад удзелу ў добрай справе.

Уладзімір Ківуля, навучэнец Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:

– Мне спадабалася акцыя “Свету – сад”. Лічу, што яна карысная, бо не толькі захоўвае памяць аб вайне, але і паляпшае экалогію. Упэўнены, што трэба берагчы прыроду, азеляняць гарады і вёскі, каб забяспечыць будучыя пакаленні чыстым паветрам. А высаджаныя каля нашай школы пладовыя дрэвы будуць прывабліваць сюды вучняў і ў сезон “частаваць” іх вішнямі.

Аксана Роўба, педагог Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:

– Маладыя вішнёвыя дрэўцы сёння ў двары школы саджалі адзінаццацікласнікі. Так яны пакінуць аб сабе добрую памяць на доўгія гады, а на прышкольнай тэрыторыі ўраджаем вішань будуць з задавальненнем частавацца мясцовыя вучні. Паколькі вішнёвая алея яшчэ і юбілейная, то яна будзе ўсім нам нагадваць пра 75-годдзе Вялікай Перамогі.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: