Крочыць па жыцці з верай у Бога і аптымізмам

Важнае Грамадства

У красавіку свой 75-ы дзень нараджэння адсвяткавала наша зямлячка Марыя Чараховіч.

Павіншаваць равесніцу Вялікай Перамогі з юбілеем і надыходзячым Вялікаднем прыйшлі дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык і загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей, яна ж намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА «БСЖ», якое наведвае Марыя Ісідараўна, Галіна Касцюк.

У адрас юбіляркі ад гасцей гучалі шчырыя словы віншаванняў, пажаданні моцнага здароўя, Божай дапамогі, даўгалецця.

Галіна Касцюк зазначыла, што ў аддзяленні Марыю Ісідараўну ведаюць як чалавека веруючага, нераўнадушнага да чужых праблем, гатовага прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну, падтрымаць і падзяліцца аптымізмам.

Цікава было даведацца ў юбіляркі, што загартоўвала яе характар, якім было дзяцінства ў складаны пасляваенны час, як склалася жыццё ў далейшым.

– Маё дзяцінства было нялёгкім, але я ўсё роўна лічу яго шчаслівым і вясёлым, – расказала Марыя Чараховіч. – Нарадзілася я ў вёсцы Лядзіны за месяц да заканчэння вайны ў вызваленай ад фашысцкіх захопнікаў Беларусі. Матуля не любіла расказваць пра ваеннае ліхалецце, а бацьку свайго я не памятаю: ён памёр, калі мне было пяць гадоў. Жыццё нас не песціла: даводзілася шмат працаваць па гаспадарцы, бо мама дні напралёт прападала ў калгасе. У матулі была яшчэ дачка Надзея – мая стрыечная сястра, старэйшая на дзесяць гадоў, а сярэдні сын памёр маленькім да майго нараджэння. Сястра выйшла замуж, калі я была дзяўчынкай, таму спраўляцца па гаспадарцы нам з матуляй даводзілася самім. Мужчыны ў доме не было, мы працавалі і з канём, і з сякерай – адным словам, не баяліся ніякай работы.

Затое ў вольны час наш дом быў заўсёды поўны суседак і сябровак. Мама вельмі любіла быць з людзьмі, такой вырасла і я. Здаралася, што сяброўкі сястры Надзеі, якія жылі праз дзве-тры хаты, заставаліся начаваць у нас. Нягледзячы на розныя хатнія абавязкі, сустракацца з равесніцамі паспявала і я. У нас было шмат цікавых гульняў, а калі падраслі – хадзілі на танцы.

Вучылася я ў Раготнаўскай школе, затым наведвала заняткі ў вячэрняй. Збіралася стаць медыцынскай сястрой, але не паступіла і разам з сяброўкамі паехала вучыцца на ткачыху ва Уладзімірскую вобласць. Калі вярнулася, працавала на ткацкай фабрыцы ў Слоніме.

Цікавай была гісторыя знаёмства Марыі Ісідараўны з будучым мужам Мікалаем. Сустрэліся яны ў Слоніме, але хлопец быў малодшы за Марыю на некалькі гадоў, і яна доўгі час не звяртала ўвагі на юнака. Пра тое, што Мікалай прызначаны ёй лёсам, дзяўчына задумалася, калі зноў сустрэла яго ў родных Лядзінах на танцах. Аказалася, што Мікалай прыехаў на Дзятлаўшчыну па рабоце: тады ён працаваў у меліярацыі. Праз некаторы час маладыя людзі пажаніліся і жылі ў нашым раёне.

Муж уладкаваўся ў аўтакалону, а Марыя Ісідараўна працавала спачатку нянькай у дзіцячым садку, а затым да самай пенсіі – санітаркай у бальніцы. У сям’і гадаваліся двое дзяцей – дачка Алена і сын Мікалай.

У 1999 годзе на долю Марыі Чараховіч выпала новае выпрабаванне: пасля змагання з цяжкай хваробай памерла дачка. У сэрцы маці на ўсё жыццё пасяліўся боль ад гэтай страты. Яшчэ праз восем гадоў не стала і мужа. Пераадольваць іспыты лёсу Марыі Ісідараўне дапамагаюць вера ў Бога і шчырая малітва, якой з дзяцінства яе вучыла матуля. Марыя Чараховіч пастаянна ходзіць у храм, расказвае, што там знаходзіць душэўнае заспакаенне і Божую падтрымку.

У вольны час пенсіянерка любіць займацца рукадзеллем, кручком з поліэтыленавых пакетаў вяжа прыгожыя рознакаляровыя кошычкі і сурвэткі, дадаючы фарбаў сваёй утульнай кватэры. У пакоях Марыі Ісідараўны пануюць чысціня і парадак. Падтрымліваць іх гаспадыні дапамагае сацыяльная работніца Валянціна Капытка, а раней Марыю Чараховіч абслугоўвала Валянціна Кавальчук. Сваіх сацыяльных работніц пенсіянерка характарызуе толькі добрымі словамі і падкрэслівае, што вельмі ўдзячна ім за клопаты і разуменне.

Сёлетні дзень нараджэння ў Марыі Ісідараўны прыпаў на складаны па эпідыяміялагічнай сітуацыі перыяд, калі пажылых людзей просяць заставацца дома. Юбілярку гэта не засмуціла: сябры і знаёмыя віншавалі яе па тэлефоне, раніцай з пажаданнямі званіў сын Мікалай. Адзінае, аб чым шкадуе Марыя Чараховіч, што цяпер даводзіцца радзей хадзіць у царкву, але яна моліцца дома за родных, за ўвесь беларускі народ, просіць у Бога адвесці хваробу.

Сваім землякам равесніца Вялікай Перамогі жадае не забываць пра блізкіх, быць разам у цяжкую хвіліну, бо толькі дабрыня, любоў, адзінства і вера дапамогуць нам пераадолець усе выпрабаванні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: